Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 195
Анатоль Бароўскі
— А чаго ты на мяне злы, бацька?
— Чаго? — звузіў пачырванелыя вейкі Косцік, уперыўся позіркам у сына. — А таму, што неразумна жывеш. Таму, што нішчыш тое, што я ратую. Што грошы атрымліваеш за глум, шкоду, а не за добрыя справы.
— Гэта ж дзяржаўная...
— Не перабівай, — прыкрыкнуў бацька, павысіўшы голас, — за глум грошы атрымліваеш. Карацей, маё рашэнне такое — заўтра ж, неадкладна, падасі заяву на звальненне...
Сяргей недаўменна глядзеў на бацьку.
— Я не змагу спакойна жыць, ведаючы, што ты плугамі курочыш Палессе, самыя прыгожыя куточкі. Цяпер спіць навука, спіць сумленне ў людзей, толькі зямля і прырода крычыць, крычыць нема, — ніхто не чуе... Л таму і табе тут не месца. Не, не месца... Такое маё слова.
— Ты ў мяне не спытаў, ці хачу я гэтага?
— А я ў цябе і пытацца не буду. Я ў зямлі пытаўся. І пачуў яе адказ.
— Бацька...
— Што — «бацька»? Што? Каб і нагі тваёй заўтра не было тут, ясна табе?
Голас у бацькі стражэў, наліваўся нейкай перакананай злосцю, крыўдай. Але ўжо цішэй і з адчаем дадаў:
— Не ганьбі бацьку на старасці гадоў. Не для таго я цябе гадаваў, не для таго...
Сын маўчаў. Канец размовы павярнуўся нечакана, мусіць, і для самога бацькі.
— Механізатары ў лясніцтве трэба. Работы хопіць. Не хочаш у нас, у калгас ідзі — сей і расці хлеб. Аб сабе добрую памяць пакінеш, а не такую, як тут, халтурную...
Сяргей нічога не адказаў.
Косцік узышоў на пагорак, азірнуўся: не было чуваць таго праціўнага гудзення. У Міхалапа адразу паспакайнела на душы. Нешта ж павінна перамяніцца ў лепшы бок, павінна. І Паласацік вернецца на сваё селішча...
Ён прайшоў яшчэ адзін квартал, прыслухаўся: ціха. Падумаў: «От бы так заўшэ, ёлкі зялёныя...»
Леснікі былі ўжо ў рабоце — яшчэ здалёк чуў покліч Хіялавай «Дружбы».
— Вось і Косцік, — першым заўважыў яго Хіял, — успомнілі пра цябе, а ты тут як тут.
Жанчыны сядзелі круга ля вялізнай кучы зялёнага лапніку.
Абярнулася Вікця, сагрэла позіркам, з жанчынамі загаманіла.
— Надта доўга ты там развітваўся, — не утрымалася Арэнка, дробненька засмяялася, ківаючы некуды ў кустоўе.
— Ды ледзьве вырваўся з абдымкаў. Гарачая папалася...
Грабянец для Жамойды
Свае клопаты Казімір у Еньску справіў хутка, без затрымкі. Да вячэрняга аўтобуса было шмат часу, і ён папёрся на шлях — лавіць спадарожную машыну. Але яны ехалі паўз яго, абдавалі смярдзючым дымам.
Лесавоз спыніўся каля яго нечакана, ён і не «галасаваў» яму.
— Го, Жамойда!— выгукнуў з кабінкі Паўло Шкварка.— Дадому?
— Ага. Падвязеш?
— Сядай.
Жамойда скінуў фуражку, паклаў на калені, насоўкай выцер лысіну.
— Ну, брат, у цябе галава, як калена, муха сядзе — паслізнецца, — засмяяўся Паўло, глянуўшы на бліскучую паверхню галавы.
— Быццам у самога шавялюра, — не пакрыўдзіўся Казімір, паглядаў на дарогу.
— Быў і я лысы, а цяпер паглянь.
Паўло прыўзняў кепку. Жамойда глядзеў і не мог паверыць — колькі гадоў хадзіў лысы, а тут не пазнаць — які чуб! Шкварка страсянуў для перакананасці галавой.
— Адраслі за паўгода. Магу рэцэпт даць. Недарэмна, канечне.