Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 191
Анатоль Бароўскі
— Здароў, бацька, — прамовіў сын стомлена. — На экскурсію да нас прыйшоў? Ну, глядзі, глядзі, мо ж ніколі і не падыходзіў да такой машыны.
— Не падыходзіў, а вось цяпер бачу, што за звер такі. Ніштаватая тэхніка. Нам бы такую ў лясніцтва...
— Навошта?
— Спатрэбілася б. Яшчэ не абедаў? — заклапочана спытаў бацька.
— Не. Хацелі скончыць.
Дзяўчаты паглядалі на іх, зразумелі, што за дзядзька да іх наведаўся. Алёнка пырснула смехам, што так пагаварыла з Сяргеевым бацькам — цяпер саромелася, хавалася. Весела падаліся да вагончыкаў, дзе была сталоўка, пайшлі напрамкі, смеючыся, нешта расказвалі адна адной.
Месца выбралі пад разгалістым, каржакаватым дубам, дзіўна, як ён і ўцалеў у полі, удалечы ад лесу. Косцік раскрыў сумку, выклаў усё, што паклала Паліна. Нарэзаў хлеба, па кавалку каўбасы. Сяргей дзве апошнія ночы дома не начаваў, як і Віталь. Пад пагрозай быў план, таму хутчэй хацелі пусціць экскаватар у работу. Жавалі, маўчалі. Косцік тэрмас адкруціў, паналіваў у кубкі гарачага ўзвару.
— Тут ясі, у сталоўцы?
— Ага. У нас гатуюць няблага. З кепскім абедам асабліва не напрацуеш.
— Яно так. Але дамашняе — смачнейшае.
— Правільна, — Сяргей глядзіць некуды ўдалеч. Ён не праяўляе ні радасці, што прыйшоў да яго бацька, ні задаволенасці — голас спакойны, сцішаны.
— Як працуецца табе тут, сын?
— Добра. Планы выконваем.
— Планы? Па чым?
— Па пракладцы дрэнажу.
— А-а, а я думаў, што па глумленні зямлі.
Сяргей паглядзеў на бацьку, усміхнуўся. Паставіў пусты кубак на сумку, прылёг, зашамацеў пажоўклым лісцем.
— З твайго боку яно, можа, так і выглядае.
— А з твайго, сын? Чаму ў нас павінны быць два бакі — мой і твой? Што, мы на дзвюх планетах з табою жывём — зямля ж на ўсіх адна.
— Бацька, ты не хочаш глядзець у будучыню. На гэтым балоце з цягам часу зашуміць збажына. Людзям патрэбен хлеб.
— Ведаю. А чаму, скажы мне, не навучыцца чалавек вырошчваць высокія ўраджаі на тых землях, што ёсць,— не трэба тады і рэзаць зямлю каналамі і канавамі, ёй не баліць, так? Тут жа жылі качкі, буслы сяліліся ў Спрымачове і бліжэйшых вёсках, а цяпер іх няма. Чаму?
Ды таму, што няма ім чаго есці — ні лягушак, ні вужоў. Ды ў калодзежах вады нямашака па вёсках. Вось і выходзіць, што глуміце вы зямлю.
— Так, я згодзен, можа, дзесьці мы і няправільна робім. Бо вопыту яшчэ ў нас небагата.
— Дык чаму ж без таго вопыту бярэцеся за такую адказную работу? — не ўтрымаўся бацька.
Але сын не падхапіў яго рэпліку, як і не чуў яе, спакойна працягваў:
— Бо трэба спяшацца. Але з кожным годам мы вучымся, не паўтараем памылак. Зямля зразумее нас, бацька.
— Зразумець-то зразумее, але ці даруе, Сярожа?
— Павінна дараваць. Вось мне даверылі калектыў — брыгаду. Давялі план — укласці дрэнаж на плошчы ў дзвесце гектараў. Старшыня калгаса як не штодня прыбягае да нас, моліць і просіць, каб хутчэй выканалі работы і здалі аб'ект. Яму не церпіцца засеяць поле і сабраць высокі ўраджай. Калгас выйдзе з прарыву, бо застаўся даўжніком перад дзяржавай па здачы збожжа. Значыць, памагаем...