Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 189

Анатоль Бароўскі

Незаўважна расла горка лапніку.

За размовай і работай не заўважылі, як і час праляцеў.

— Пара ўжо, хлопцы, і перакусіць, — паглядзеў на свой гадзіннік Хіял — падарунак ротнага камандзіра, як ён сцвярджаў. — Больш, чым паўплана далі. Пасля абеду — столькі ж зробімо...

— Перакусі й перакуры — нашы лепшыя сябры, — засмяяўся Васіль, прыладжваючыся на пяньку.

— Масціся, Косцік, — прапанаваў Антось.

Асобна з Вікцяй сеў Жамойда.

За ўвесь час, як працавалі, ніводнага разу не пераглянуліся, але кожны з іх адчуваў, як жыве між імі нябачная сувязь, пракладзеная кладачка ўзаемаразумення і любові.

Калі ж сеў побач з Антосем, неўпрыкмет зіркануў у бок Вікці — сядзела яна да яго спіной, аб нечым гаманіла з мужам.

Антось — хударлявы, валасы сівыя, хаця і мае чалавек няпоўных пяцьдзесят. Рукі ўчэпістыя, звыклыя да любой цяжкай работы. Колькі метровак паставіў ён, колькі стагоў сена накасіў — не злічыць. І рабіў усё ў ахвотку, ніколі не стамляўся, цягавіты быў, як і дабрачы. Жонка толькі ў яго была звяглівая, вечна ёй нешта не хапала. На работу ідзе Антось — бурчыць, з работы — словам не міне. І не зразумець было спрымачоўцам, чым жа ён, такі руплівы і дужы, мог не дагадзіць сваёй Кацярынцы. І яшчэ больш дзіўным было тое, што Антось Кашэвіч сваю жонку не прамяняў бы ні на якую іншую, у сто разоў прыгажэйшую — кахаў яе вельмі.

— Не, хлопцы, вы абедайце, а я прайдуся, — перадумаў Міхалап, падняўся. — Я праз гадзіну вярнуся.

— Ну, як знаеш, — абыякава кіўнуў Хіял, выкладваючы на разасланы ручнік хлеб і сала.

— Мо дзе маладзёнка ў кустах чакае, таму і ўцякаеш ад нас, — стральнула на яго смяшлівым позіркам Арэнка, пад бок таўханула Чыканову Марфу.

— Угэдала, Арэнка, — у тон патрапіў Косцік, загадкава міргануў ёй. — Жыць без яе не мзгу...

Вікця, жуючы, весела паглядзела ў яго бок, нічога не сказала.

Косціка грызла трывога.

Дзён колькі назад наведаўся на Барсучыны хутар. Нешта яму не спадабалася ў паводзінах барсукоў, а што — яшчэ і сам не ведаў. Думаў пра іх, як быў дома, як хадзіў на работу, і цяпер, як ехаў на возе, працаваў на дзялянцы... І вось як выпала вольная гадзінка, не вытрымаў — на абед махнуўшы, рушыў стрымгалоў на хутар, каб пераканацца, каб упэўніцца ў сваіх здагадках...

Да хутара ад дзялянкі ісці недалёчка — два кварталы. Праз кляновы гай, які беражэ, нікога не дапускае туды Міхалап — дарогі перакопваў, каб машыны не дапялі. Кожная сцежка яму тут знаёмая, як і дрэўцы, штострачаюцца на шляху. Памятае ён іх малымі і тонкімі, дзівіцца — вунь якія цяпер гонкія, як порстка выструніліся ў неба, навыперадкі, і вецер ужо ім ні па чым — моцна ўраслі ў зямлю, пусцілі глыбока карані.

Ён узбег на пясчаны ўзгорак, азірнуўся і нырнуў у густы сасоннік.

Першая нара была пад ядлоўцавым кустом. Косцік прыслухаўся, намацаў рукамі зямлю, спахмурнеў: «Няўжо пакінулі жытло? Што ім замінае тут жыць, што непакоіць?»

Ён сеў каля нары, пільна агледзеўся наўкола — нічога такога не кідалася ў вочы.