Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 190

Анатоль Бароўскі

Знізу, дзе працякаў раўчук і дзе быў узболатак, данеслася да яго слыху гудзенне тэхнікі. Яно нарастала, ціснула на вушы, раздражняла... Ён падняўся, ступіў на схіл. Паўзіраўся ў блакітную смугу — позірк ні за што не зачапіўся. А нябачны рухавік працаваў то гучна і пранізліва, то аціхаў.

«Дык то ж меліяратары, — цюкнула яму ў галаву, — дый яшчэ мой сын там дзесьці працуе, план гоніць... Барсукоў трывожыць гудзенне...»

Косцік наважыўся ісці да меліяратараў. Калі ж спусціўся ўніз, убачыў, што балотца амаль высахла. І раўчук, што ўюнка выцякаў з яго, знік. У канаўцы ўбачыў падлешчыка. Далей, у ямінцы, боўталіся некалькі рыбін — задыхаліся...

«Дык вось чаму не захацеў Паласацік жыць у сваёй хаце — без вады ён не можа... От, ёлкі-маталкі, або як дзед Мікіта кажа, калюх-калюха, на два бокі і ўсторч... Сапраўды ўсё сторч галавой. Перавернута ўсё дагары нагамі.

І чаму чалавек сам сабе вораг? Чаму ён робіць так, не зважаючы ні на што? Хто ж будзе судзіць яго, чалавека, за слепату, за жорсткасць да зямлі? Хто спыніць?»

Правальваўся між купін, спатыкаўся. «Ну, пачакайце, я да вас дабяруся, псаватары-меліяратары... Знайду я на вас управу!..»

Далей зямля была цубкая, і Косцік хутка дапёр да вагончыкаў. Збоч працаваў экскаватар. Пачуў дзявочы смех, але нікога не ўбачыў, як ні ўглядаўся. Дрыжэў, пакрысе сунуўся экскаватар, угрызаўся каўшамі ў мяккую зямлю — блішчэлі на сонцы белыя іклы. Следам — па абодва бакі траншэі — вырасталі аднолькавай вышыні два ўзгоркі зямлі.

Дзяўчына падавала трубачкі з чырвонай гліны, а сяброўка, седзячы на глыбіні — у кабінцы, клала іх на пясчанае дно.

Косцік зацікавіўся іх работай, аж нагнуўся, зазірнуў у канаву, галавой заківаў — ты глядзі, а я і не ведаў, як гэта робіцца, прыдумалі ж...

Але цікавасць тут жа прапала — ішоў жа за іншым. Да каго б гэта падступіцца, каму пагнуць мацюкоў. Не будзеш жа тыя «ласкавыя» словы гаварыць вось гэтым дзяўчатам — што ім, як і сыну яго, чым больш прарыюць канаў і траншэй, тым больш і заробяць.

— Што згубіў, дзядзька? — падала голас з металічнай кабінкі, што сунулася па дне канавы, дзяўчына ў зялёнай шапачцы — Алёнка. — Нас шукаеце, на спатканне прыйшлі? Мо каторая прыглянулася?

— От сарокі, ім абы пасмяяцца, — махнуў на іх рукой ляснік, — толькі спатканні ім наўме...

— А як смешна, а як весела?

Экскаватаршчык праз задняе акенца пазіраў на дзяўчат. Да яго і накіраваў Косцік. Вось у яго ён і папытае, хто ў іх тут начальнік.

Дзверцы прачыніліся, і з кабінкі выглянуў экскаватаршчык. Міхалап здзівіўся:

— То ты, сын?

Але Сяргей не чуў яго пытання — працаваў рухавік. Ён заўважыў бацьку яшчэ раней, як той шыбаваў да іх па полі, але работу кінуць не мог — праходзілі акурат цяжкі грунт. Прамарудзіш колькі хвілін — вада залье траншэю.

Сяргей заглушыў рухавік, саскочыў на зямлю, махнуў дзяўчатам:

— Алёнка! Аксана! Канчай работу — абед!

Бацька пазіраў па сына і не пазнаваў яго: быў у рабочым адзенні, адсвечвала на сонцы светлая чупрына, у вачах спакойнасць і сталасць, ішоў насустрач няспешна і цвёрда, як чалавек упэўнены ў сабе, у сваёй рабоце. Косцік прывык яго бачыць дома не такім, там ён выглядаў дамашнім, свойскім, а тут нейкая перамена адбылася. Строгім здаўся, сур'ёзным. Стаяў, чакаў, калі падыдзе.