Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 192
Анатоль Бароўскі
Косцік уздыхнуў, незадаволены тым, што з сынам ідзе гаворка не так, як хацелася. Сын не разумее яго, хапаецца за сваю работу, за планы, за помач калгасу.
— Памагаеце... А чаму ж калгас не мог сабе памагчы ці калгасу тая навука, агранамія? Чаму клалі і клалі ў зямлю хімічныя ўгнаенні, каб паболей узяць, а тым самым яна прыйшла ў нягоднасць, атруцілася зямля... І атрымаўся вялікі пшык. Першы памочнік у зямелькі— дажджавы чарвяк, які рыхліць зямлю, памагае быць пладароднай, а хімія загубіла яго, і цяпер надзея зноў на тыя ж угнаенні і вашы асушальныя балоты...
Сяргей уважліва выслухаў бацьку, стараўся разабрацца ў словах, зразумець іх сэнс. Бацька, выходзіла, таксама гаварыў праўду. Толькі адкуль у яго такія вывады? Прачытаў дзе ці сказаў хто?
— Бацька, але ж існуюць і дзяржаўныя планы, задачы. Даводзяцца заданні па меліярацыі. Я перавыконваў планы, за што атрымаў ордэн, стаў лаўрэатам прэміі камсамола. Дык, выходзіць, я няправільна жыву? Няправільна працую?
— Насі на здароўе свой ордэн, але я б яго, калі на тое, не чапляў бы на грудзі. Мо калі табе будзе і сорамна за яго. Ордэн за меліярацыю... Хм... А ці не думаў ты, сын, што цябе некалі, як адумаемся, як у нас розум праясніцца, гадоў так праз дзесяць — дваццаць, а мо і пазней, спытаюцца: «А колькі ты, таварыш Сяргей Міхалап, зямлі палескай загубіў?» Што адкажаш тады, сын?
Сяргей усміхнуўся, прыняў бацькавы словы за жарт. Але падсвядомае пачуццё падказвала, што бацька, мусіць, не жартуе. Ніколі і ні з кім Сяргею не прыходзілася вось так размаўляць. Гаварыў з вучонымі, партыйнымі работнікамі, выкладчыкамі, але ні ў адной размове не адчувалася трывогі і занепакоенасці. Таму і быў упэўнены, што робіць вялікую і патрэбную работу. Пра брыгаду і пра яго асабіста пісалі ў газетах і часопісах, хвалілі ўсё тое, што ён, Сяргей, рабіў. І верыў, што сапраўды яны «ўпрыгожваюць» зямлю, «пераўтвараюць» Палессе, «абнаўляюць адваяваныя ў балот плошчы...».
— Дык, выходзіць, бацька, ты супраць меліярацыі?
— Не, я не супраць. Я супраць псавання зямлі. Трэба ўсё рабіць з розумам.
— Дык падкажы, як тое рабіць.
— Каб ведаў, то падказаў бы. Параіў бы. Але пакуль не ведаю. І ўсё роўна супраць. Бо баліць душа. Колькі шкоды нарабіла хімія, колькі пчол загублена, звяроў... А цяпер і вы памагаеце. Як шкоднікі якія.
— Ну ты і даеш, бацька. Так яшчэ мяне і ў ворагі залічыш.
— А ты і ёсць вораг, калі не цяміш сам, што робіш.
Бацька сапраўды не жартаваў. Сын гэта зразумеў.
Адчуў найперш. І не ведаў, як гаварыць далей, што сказаць, каб бацька стаў і на яго месца, і сказаў другое.
— Ты некалі гаварыў мне ці пытаўся, чаму я не страляю ў ляснога звера, — працягваў далей Косцік, дастаючы з кішэні пачак цыгарэт, узяў адну і прыкурыў няспешна. — Не магу я гэта зрабіць. З-за барсукоў, якіх некалі ў вайну забіў, каб вылечыць хворую Вікцю... Кахаў я яе вельмі, сын... Л потым яны мне спіліся кожную ноч, забітыя. Я даў слова: калі застануся жывы ў той вялікай вайне, то зберагу іх. Хаця б у сваім абходзе. Зберагу ад гібелі, зберагу ад чалавека. Сёння прыходжу да хаты самага старога барсука, Паласаціка, а ён не жыве ўжо там — памяняў прапіску. Чаму? Ды баіцца грукату тваіх машын. Ды і раўчук высах непадалёк ад яго нары. А яму без вады нельга... Калі ж вы асушыце ўсе балоты, то не будуць жыць і іншыя звяры, перастануць весціся і птушкі — не будзе для іх корму. Усё ўзаемазвязана ў прыродзе. Вось так, сын.