Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 188
Анатоль Бароўскі
Віталь Хіял пачасаў гарбаты нос:
— Як з рэдуктарам, Сяргей?
— Аніяк. Пойдзем «пазычаць» фразу са спісанага.
Памочнік памуляў губамі, нічога не сказаў.
— А нам чым заняцца, брыгадзір? — паказала язычок Алёнка, стрэльнула вокам на Міхалапа.
— Чым? А вы кветачкі збірайце: цікавая работа!
— Кветкі — гэта добра. Адпачывай, дзяўчаты! — як загадала Волька і першай, смешна крыўляючыся, пакіравала да ўзлеску.
Давялі ўсё да ладу толькі на трэці дзень.
Выпацкаліся з Хіялам, як у пекле ў нячысцікаў гасцявалі. Але ў вачах радасць — зноў можна будзе гнаць дрэнаж.
Некуды падаўся Хіял, а Сяргей застаўся на месцы. Адпачываў, курыў. Жанчын ён на гэтыя дні адпусціў — для іх работы не было. Сядзеў каля экскаватара, думаў пра сваё.
Убачыў — у яго бок ішла дзяўчына. У балонневай чырвонай куртачцы наросхрыст, у трыко. На Зоську вельмі была падобна. Мо дзяўчо па зялёнкі прыйшло ды зблудзіла, дарогу папытаць хоча. Не, без кашаля, сумачка праз плячо...
«Божа, гэта ж яна, далібог, яна, — працяло ўсяго, у скроні кальнула, — адкуль яна тут?!»
Але сядзеў, не падымаўся, вочы прыжмурыў, прытварыўся, што дрэмле. І паверыць не хацеў — сон ці ява перад ім, няўжо праз хвіліну ён пачуе яе голас? Пакуль чуў крокі — усё цяжэйшыя і нясмелыя. Баялася падыходзіць?
Яна лёгенька кранулася яго рукі.
— Сярожка?
Ён расплюшчыў вочы, маўкліва глядзеў на яе. Зоська нахілілася над ім:
— Добры дзень, Сярожа, як доўга я цябе шукала.
— І вам добры, Зося Карпаўна.
У яе вачах ён бачыў вінаватасць, боль, раскаянне... Яна ўжо была не тая, што раней, голас змяніўся і позірк — сцішылася, нацешылася, пэўна, усім — і харошым, і благім.
— Адкуль тут?
— Вярнулася вось у родныя мясціны. Апаліла крылы, цяпер не лётаю, спусцілася на зямлю. У вас працаваць буду. Возьмеш у сваю брыгаду?
— У мяне камплект.
— Аксана ў дэкрэт скора. Возьмеш, Сяргей? Я працаваць умею.
Ён маўчаў. Павярнуў галаву, глядзеў удалячынь, на гарызонт, за які садзілася набрынялае холадам сонца.
— Я не падвяду, вось пабачыш.
— Не. Не вазьму. Шукайце, Зося Карпаўна, другую брыгаду, і лепш, калі ў другім пээмка. Гэта ўжо мая парада...
У Зоські на вачах былі слёзы.
Але яны не краналі Сяргея.
Упала першая хвоя — пакручастая, разгалістая. Спачатку яе мужчыны абсякуць, разрэжуць, а потым жанчыны прымуцца нажамі рыхтаваць лапнік і складваць яго ў ворах. Вечарам Янік Анэлін забярэ нарыхтаванае і адвязе на калгасны двор, дзе працуе АВМ — рыхтуе вітамінную муку.
План калгасу давялі вялікі. І Дзягцяр як не ў ногі падаў Карабкову, каб памог. Леснікі напачатку ўпарціліся, не хацелі, а потым, праз год, лясгас і сам давёў план лясніцтву. Паўсюдна зрабілі такое, і цяпер як ні круці, а лапнік трэба было нарыхтоўваць. І ўжо ўтрая больш, чым прасіў раней калгас. Кожны ляснік павінен быў здаць па тры тоны галінак. Жамойда як ні выкручваўся, як ні ўпарціўся і ні ўгаворваў Карабкова, той не скінуў яму ніводнага кілаграма. Вось і ўзяў Жамойда ў памагатыя жонку, чаму яна вельмі абрадавалася — сярод людзей пабудзе.
Кожны заняты сваім. Хлябешча бензапіла, выплёўвае пахкія апілкі. Метроўкі складваюць адна да адной — у штабель.