Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 187

Анатоль Бароўскі

Зоська пальцамі сціснула яму вусны, каб не гаварыў, горка ўсміхнулася:

— І я так думала. І я гэтага хацела — вельмі-вельмі. Але паламалася ў мяне, усё паламалася, перавярнулася...

— Я ха... — спрабаваў нешта сказаць яшчэ, але яна дакранулася да вуснаў.

— Ты уж извини меня, Серж...

«Ты уж извини меня, Серж...» — гэтая дурацкая фраза не раз і не сто звінела ўвушшу, снілася, варочала і пераварочвала душу, спустошвала сэрца, паліла і рвала на тысячы аскалёпкаў, і ён здзіўляўся, як яно сапраўды не разарвалася ў яго. Ён нічым не мог спатоліць тое пачуццё, нічым не мог яго замяніць. Нават у арміі, калі стаяў на пасту, колькі разоў з цемры выглядвала яна і гаварыла гэтак жа вінавата і ціха: «Ты уж извини меня, Серж...»

Аўтобус спыніўся, і праз гоман пачуўся вясёлы голас Сені:

— Захадзі, госцем будзеш!

І «гасцей» назбірваецца шмат, на каленях адзін у аднаго сядзяць, рагочуць, смешнае расказваюць. У аўтобусе і жанчыны, і яны прывыклі да салёных і прыперчаных слоў, самі памагаюць вясёлым хвілінкам — цяжкая работа гэтаму навучыла, і таму жарты былі замешаны на калючых і жорсткіх вятрах, снезе і холадзе. І Аўдоцця, і Марыля, і астатнія ніколі за словам у кішэню не палезуць, зачэпіш — пекануць так, што і дзесятаму закажаш...

Сяргей убачыў праз галовы і плечы людзей вочы Алёнкі, кіўком галавы павітаўся з ёю, усміхнуўся, падбадзёрыў: «Трымайся там, ведаю, што нялёгка ў цеснаце стаяць...»

Ехаць застаецца хвілін з дзесяць, да аб'екта ўжо зусім чога-нічога...

«Ты уж извини меня, Серж...»

Ужо добра ўднелася, як прыехалі на аб'ект. Пайшлі да тэхнікі скрэпершчыкі і бульдазерысты, экскаватаршчыкі. Прыехалі і яшчэ два аўтобусы — з меліяратарамі.

Сяргей адразу пакіраваў да Савошкі, майстра ўчастка. Той сядзеў у вагончыку, перабіраў на стале паперкі.

— Я да вас, Нікадзім Селівестравіч, — павітаўся, сеў на крэсла Сяргей. — Так працаваць я адмаўляюся.

Майстар зірнуў у акно, пацёр падбароддзе.

— Не ведаю, што і рабіць з табой. Сказаў галоўнаму інжынеру пээмка, паабяцаў праз дні тры-чатыры...

— Чатыры?! — Сяргей прыўзняўся ў крэсле. — А чым мне займацца загадаеце? Пянькі збіраць? У мяне ж план гарыць...

Савошка нахіліў галаву, кусаў губы. Гадоў яму можна было даць і сорак, і ўсе пяцьдзесят, ён быў у тым узросце, калі людзі доўга не мяняліся з твару. Хударлявы, цёмнага загару, вочы спакойныя, але неабыякавыя.

— Магу толькі параіць, — бровы ўзняліся ўверх, і вочы адкрыта паглядзелі на экскаватаршчыка, — паглядзі спісаны, вазьмі патрэбную фразу ў рэдуктары і пастаў на свой экскаватар.

— І на гэта часу трэба шмат патраціць.

— Усё, Сяргей, больш нічога падказаць і параіць не магу, — зноў апусціў майстар бровы, схаваліся вочы пад брывамі, і цяпер Міхалап ведаў, што дарэмна далей аб чым-небудзь гаварыць — і так дзякуй скажы, што падказаў.

Хіял і Алёнка з жанчынамі сядзелі ўжо каля экскаватара, чакалі брыгадзіра. Апранутыя былі ў цёплае, вецер у полі не шкадаваў нікога.

Памочнік сядзеў на скрынцы з-пад інструментаў, жанчыны — Вольга і Аксана — каля тэхнікі.