Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 186
Анатоль Бароўскі
— Ага, — згадзіўся, а думаў адгаварыць яе.
Праз месяц, калі пачалі рыхтавацца да выпускных экзаменаў, застаўшыся аднойчы адзін на адзін у класе, паклаў сваю руку на яе, сціснуў, спытаў нясмела:
— Зоська, а што, калі і я з табою — разам вучыцца?
Дзяўчына шырока акругліла вочы, мірганула нафарбаванымі вейкамі, не паверыла таму, што пачула, усклікнула:
— Ой, як было б здорава! Сяргейка! Але як жа ты са сваёй марай, га?
— Нічога, у лясніцтве і механізатары трэба.
Бацьку не прызнаўся, што пахаваў свае ранейшыя планы. Ведаў, што зробіць яму балюча, што не адобрыць задумкі, але нічога ўжо з сабой парабіць не мог — каханне да дзяўчыны аказалася мацнейшым за ўсё. Нават за мару. Хаця ў душы і нараджаўся пратэст супраць самога сябе, хаця ведаў, што робіць неабдуманы крок, што гэта несур'ёзна...
Бацька пра ўсё даведаўся. Галя сказала. Не ўшчуваў. Як ведаў, што мог бы нарабіць яшчэ большай бяды... Мудры і добры ў яго бацька!
Здалёк яшчэ, асвяціўшы фарамі дарогу, запілікаў аўтобус. Спыніўся побач. Сенька, штурхануўшы ручкай дзверцы, як заўсёды, крыкнуў:
— Захадзі, госцем будзеш!
Беглі да аўтобуса Хіялаў сын і Адарчын Міхась.
У аўтобусе было прыцемкавата, але Сяргей і так пазнаў усіх, і па голасе, і па абрысах твару. Сенька браў людзей з Жахавіч — аж дзесяць, астатнія былі з Турбіна і Зімовай Буды. Там ужо назбірваўся і набіваўся цэлы аўтобус, аж стаялі ў праходзе...
Сяргей ужо даўно прывык да гэтага тлуму, да тытунёвага дыму, да ранішняй «слоўнай гімнастыкі», калі вастрасловы падымалі такі рогат, што і нелюдзімы заўсміхаецца.
Не першы год ён на гэтай рабоце. Асушваў балоты І ўкладваў па дне пракапаных канаў дрэнаж — гліняныя трубкі, адна да адной. Працаваў машыністам шматкаўшовага экскаватара. У яго брыгадзе пяцёра чалавек. Памочнікам сабе ўзяў Віталя Хіяла, толькі што з арміі, і траіх паляшучак. Дзве з іх замужам, па двое дзяцей нарадзілі, адна зноў у дэкрэт збіраецца. Трэцяя ж, Алёнка, дзяўчына, таксама гэтым аўтобусам ездзіла — з Зімовай Буды. Алёнка чымсьці на Зоську падобная — заўсёды з усяго здзіўляецца, невядома чаму радуецца. І вочы такія ж круглыя робіць.
Тады ж, на другім годзе вучобы ў вучылішчы, калі яны не разлучаліся ніводнага дня, — і на занятках разам, і на экскурсіях разам, у вольныя часы — побач, — і ў яго не прападала да яе пачуццё, а наадварот, разгаралася з кожным днём усё больш і больш, калі ён адчуў слодыч яе вуснаў, калі, лічы, зведаў яе ўсю-ўсю, зразумеў, што ім наканавана быць разам, толькі разам. Зоська аднойчы, застаўшыся ў яго пакоі на ўсю ноч, лежачы побач з ім на ложку, уткнуўшыся галавой у падушку, прамовіла:
— Праз некалькі дзён з'еду я, Сярожа, далёка-далёка...
Ён павярнуўся на бок, тварам у твар, вочы у вочы,і яна павярнулася да яго, зазірнула глыбока-глыбока — у самую душу.
— Як гэта — з'едзеш? Куды? І чаго?
— Так трэба, Сяргейка. І не пытай у мяне больш нічога. Добра? Абяцаеш?..
Зоська, здаецца, плакала. Яна ўмела плакаць.
— Ты жартуеш. Праўда, жартуеш? У нас жа ўсё з табой добра, так добра, што і жадаць лепшага не трэба. Мы скончым вучобу, паедзем разам працаваць у маю вёску, ты будзеш маёй жонкай, у нас будзе тры сыны і дзве дачкі...