Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 185

Анатоль Бароўскі

Першым стол пакінуў Сяргей, за ім бацька і Алесь. Галя хуценька наладкавала ядой бацькаву сумку. Сяргей рэдка калі браў з сабой абед.

Прачнулася вавёрка, ускочыла на шафу, Сяргею на плячо зляцела.

— Марш на печ, — замахнулася на яе Галя, і шэранькі камячок шуснуў за камінак.

З хаты Сяргей і бацька пайшлі разам. Бацьку — на машыну. Паедзе ў Броньку, непадалёк ад Ляжнёўкі — з кіламетраў шэсць. Сяргею ісці на паваротку, дзе спыняецца стары, біты-перабіты пээмкоўскі «пазік».

— То да вечара, сын, — гаворыць бацька і спяшаецца да канторы лясніцтва — там ужо гарэлі фары машыны.

— Да вечара.

Вось-вось павінен падысці аўтобус. Сенька, шафёр, амаль заўсёды прыязджаў у адзін і той жа час, не спазняўся. Па ім хоць гадзіннік звярай.

Абуджалася вёска. Чуліся знаёмыя галасы і воклічы, гудзенне машын і трактароў. Раніцай гаворка гулка разлягалася па ўсім Спрымачове, хоць ты шапні ціха ў дальнім канцы Будкоў — у другім пачуюць. Вяскоўцы падзялілі сваю вёску на дзве. Па правы бок Лабасова — Крушніца, па левы — Будкі.

Адкуль пайшлі такія назвы, Сяргей не ведаў, бо з пакалення ў пакаленне пераходзіла. І чулася ў тых назвах нешта знаёмае і блізкае — Будкі, значыць, будаваліся палешукі. Крушніца — крушына. Яе па ўсім лесе процьма. Так што тут вялікага сакрэту ў назве не было...

Як быў у арміі, слых лашчыла назва вёскі. Скажаш услых: «Крушніца», а чуеш — суніца, завушніца, зарніца... Як быццам каменьчыкі перакочваюцца на дне Лабасова.

Любіў Сяргей лес.

Ведаў дасканала бацькавы сцежкі, таптаў іх, ідучы побач з ім. Не толькі вучыўся лесніковай мудрасці, а і памагаў рэзаць метроўкі, садзіў саджанцы, збіраў шышкі...

Бацька радаваўся, перакананы быў, што і Сяргей яго дарогу выбраў. Бо ад яго ні на крок. Верыў у тое ж і ён, Сяргей.

Аж памянялася ўсё нечаканым бокам.

Аднакласніца Зоська, дзяўчына з агністымі вачыма і пяшчотным голасам, якая так запала ў душу і сэрца, што і дня не мог пражыць без яе — начамі снілася, спытала аднойчы, як праводзіў дадому са школьнага вечара:

— І куды пасля школы, Сяргейка? Думаеш паступаць?

— Не ведаю, Зоська. Лес люблю. Мо ў тэхнікум лясны падамся.

— Гэта добра. Лес... А я, ведаеш, кім хачу быць?

У Зоіькі на вочы спадае чолка, і яна раз-пораз папраўляе яе рукой, стараецца выглядаць дарослай, сталай дзяўчынай, вачмі з годнасцю водзіць па баках, вучыцца выглядаць задумлівай і заклапочанай.

— Кім? Ты ж не хвалілася ў класе, таму і не ведаю.

— А смяяцца не будзеш, як прызнаюся?

— Не буду...

Яна гарэзліва зірнула на яго, быццам чакала, калі яшчэ больш разарыцца ў яго цікавасць, на плячо яму падбародак паклала, і ён адчуў яе крамяныя грудзі-кулачкі.

— Не адгадаеш, ніколі не адгадаеш. Я, як і ты, па бацькавай дарозе пайду — у механізатары. На трактары буду рабіць. Во!

— Ты гэта сур'ёзна? — не верыў ён. Верка Чыканова сказала б, можна ўявіць, бо дзяўчына сур'ёзная, калі надумае што — выйдзе па ёй. Рашучая. А Зоська — матылёк, чалавек настрою. — Ты — на трактар?

— А што тут такога? Хлопцы ідуць у даяры, а я не магу ў механізатары?

— Калі гэта, канешне, сур'ёзна.

— Ты за мяне? — яна нечакана абхапіла яго за шыю.