Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 184

Анатоль Бароўскі

«Маяк» даў свае пазыўныя, піпікнула шэсць разоў, і Сяргей спружыніста ўскочыў з канапы, сагнуўся, разагнуўся, памахаў рукамі, галавой пакруціў — і пайшоў мыцца-галіцца.

Выйшаў у двор. Цёплае паветра дыхнула ў твар. «Пацяплела? Вецер перамяніўся? Значыць, у полі работа пойдзе весялей». Неба было светлае, але з аблачынамі. «Мо і зусім распагодзіцца. А то ўжо думалі, што і снег выпадзе...»

Ад хлява ішоў бацька, бухкалі боты па сцежцы. Чырвоная кропачка хісталася ў руцэ — асцярожнічаў з куравам.

— Устаў ужо? — падышоў, зрабіў доўгую зацяжку, абапёрся аб штыкеціны. — Да лесу ўжо блізка падыходзіце?

— Блізка зусім.

— То пра тваю брыгаду заўчора па радыё баялі?

— Ага.

— Прыемна чуць такое?

— А, — няўцямна выдыхнуў сын, зноў глядзеў на ўсход. — Каму працаваць, каму пісаць.

— Перадавікі, канечне. На ўсю краіну грыміце. І не муляе слава, сын? Пэўна, не. З ёю лягчэй жыць, надзейней.

— Ты пра што, бацька?

— Ды ні пра што. Так, пра сябе. Давай мыйся, ды будзем снедаць. Мне сёння рана ў лес трэба. Лапкі тыя, хваёвыя галінкі, няхай на іх ліха, план удвая павялічылі, а толку з гэтага...

— Значыць, трэба больш.

— І я не супраць. Ды не па-гаспадарску ўсё тое.

Выскачыў з хаты Алесь, штурхануў пад бок Сяргея, зрабіў рэзкі выпад, быццам баксёр, лёгка памалаціў па плячы, ён быў голы да пояса, без майкі, неспакойны і шустры, такі. ж няўрымслівы. Па грыбы пойдзе, усе дзялянкі аблётае, у школу ідучы, спозніцца на аўтобус, ніколі не перажывае — для яго сем кіламетраў да Асаўца, як стометроўку прабегчы.

Сяргей нечакана абхапіў яго за пояс і адарваў ад зямлі.

— Што, баксёр, прасіся, а то на хлеў закіну.

— Больш не буду-уу, — нараспеў, па-авечы, забляяў брат, — пусці-ііі!..

На парог ступіла маці.

— От, гіцлі, ім бы толькі падурэць. Ану мыйцеся ды за стол!

Гаварыла нязлосна. Паліна ніколі не злавала на дзяцей, асабліва не песціла, але ж і не крычала ніколі, трапкачом ці папругай ніколі не выцяла.

Снедалі няспешна, але і не заседжваліся, за сталом прывыклі маўчаць, клопаты свае вырашаць не за патэльняй. Паліна разам з усімі сядала рэдка калі, у яе заўсёды на ўсё не хапала часу. Гэта потым ужо, калі ўсе разыдуцца, яна, упарадкаваўшы ўсё, прысядзе за стол, перахопіць што-кольвечы на скорую руку.

Яна то папраўляла чыгуны ў печы, то падавала на стол. Потым рэзала буракі і гарбузы, кідала ў цабэрак, секла.

Нехта бразнуў у сенцах дзвярыма, і ў хату зайшла Анэля.

— Дабрэйшы вам, і хай есца ўсмак, — села каля парога паштарка, — пісьмяцо вам ад вашага Стасіка прынесла.

Галінка першай ухапіла, прачытала ўслых, абрадавала бацькоў і хлопцаў.

— Ну, то хай яму добра служыцца, — пажадала паштарка і гэтак жа раптоўна выйшла з хаты.