Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 183
Анатоль Бароўскі
— Знайшоў бы, Канстанцін Мінавіч, знайшоў бы. Проста смеласці трошкі не хапіла, і не ведаў, да каго падацца. А пытанне сур'ёзнае, зоймемся неадкладна. Вайна шмат бяды нарабіла. Латаем галоўныя дзіркі, а пра малое забываем. А за тое нам жорстка адплоціць прырода...
Начаваць паехалі да Громава.
«Ты уж извини меня, Серж...»
Сяргей заўсёды прачынаўся разам з маці. І хаця Паліна кожным разам старалася ісці на кухню нячутна, каб не патрывожыць дзяцей, ён усё роўна чуў яе крокі.
Паліна ніколі не заводзіла для сябе будзільніка, хаця ён і цікаў на стале. Не чула яна і радыё — дынамік вісеў на кухні. Яна прачыналася ў адзін і той жа час — а палове шостай. Дзень у дзень, год у год...
Пасля Сяргея ўставалі і астатнія — гаспадар, сыны і дачка. Маці запальвала ў печы, і тады пачыналі трашчаць смалякі, ахоплівалі полымем палянякі, скакалі па сцяне чырвоныя сполахі.
— Мамо, што на сняданак — бульбу ці аладкаў зробімо? — папыталася Галя, выціраючы ручніком твар. Была яна ў спартыўным сінім трыко, у шэрай блузцы з кароткім рукавом.
— А што для вас лепш, тое і рыхтуй, — паціснула плячыма маці, нахілілася над чыгуном — насыпала ў яго дробную бульбу. — Для мяне дак усё адно.
— І мне абы сняданак, — азваўся гаспадар — галіўся электрабрытвай — стаяў каля люстэрка, прымацаванага да сцяны.
— О які ў нас народ непераборлівы — што згатуеш, тое і з'ядуць, — заўсміхалася дзяўчына, і на шчоках абазначыліся ямачкі. Завязала на шыі касынку, каб не заміналі косы. — Тады абіраю бульбу, смажым мяса.
Яна села на ўслончык, узяла нож і пачала сваю работу. У Галі зграбная, гнуткая пастава. Расла непрыкметна, ціха, хадзіла з Палінай на ферму — памагала даіць кароў, як была вольная ад урокаў. Скончыла школу, і на яе пачалі заглядвацца хлопцы: прыгожыя, агністыя былі ў яе вочы. Вясёлая, жвавая — па бацькавай лініі пайшла. Якую б работу пі рабіла, усё ў яе выходзіла лёгка, як бы гуляючы. Паехала ў Рэчыцу і здала экзамены ў заатэхнічны тэхнікум.
Радаваўся Косцік за дачку — убіралася ў прыгажосць і сілу. Ды і з твару нічога. Хлопцы набіваюцца з клуба правесці дадому, а яна, гарэзніца, паабяцае катораму, а сама неўпрыкмет збяжыць. А потым ад смеху заходзіцца дома.
Косцік пайшоў у хлеў, даў карове сена. Прынёс некалькі вёдзер вады, паналіваў у чыгуны з бульбай і паставіў у печ.
Сяргей ляжаў, чуў гаворку — голас Галі быў чысты і звонкі, чуваць здалёку. Вечарам прыехаў позна, натаміўся на рабоце — ламала спіну. Заснуў не скора — як падалі голас другія ці трэція пеўні.
— Чаго ж ляжыш, Сярожка, мо не на работу? — зазірнула ў пакой маці.
— На работу, мамо, ды ўставаць нешта не хочацца.
— Ці не захварэў?
— Ды не. Лянота падкацілася.
— На Ляжнёўку ўжо, можа, перабраліся?
— Не, можа, на тым тыдні.
— Было б добра — да хаты бліжэй. Ну то ляжы, час яшчэ ранні.
Маці выйшла. Сяргей крутануў ручку «Спідолы» — пачулася музыка. За акном яшчэ цёмна, і намёку не было на раніцу — апошнія лістападаўскія дні былі пахмурныя, з цяжкімі воблакамі, з ветрам і дажджамі. Гэта найбольш і псавала настрой у рабоце — настроішся на пэўны аб'ём, прыкінеш, колькі застаецца да канца месяца, наляжаш, а тут нечакана божанька падсуне надвор'е — ні сагрэцца, ні схавацца ад холаду. На сямі вятрах, як на боскай далоні, — пранізвае кожнага навылёт... Але меліяратарскую работу Сяргей не кідаў.