Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 172

Анатоль Бароўскі

— Ядры іх качалку...

Доўга цягалі яго па розных інстанцыях, патрабавалі, каб прызнаўся, што прадаваў лес, пагражалі адняць партыйны білет. Выстаяў, але насцярожынка і недавер да некаторых таварышаў, што працавалі ў райкоме партыі, і да таго ж першага сакратара засталіся.

Карабкоў паважаў Міхалапа, паважаў яго за працавітасць, за адданасць лясной справе. На такіх, верыў, і трымаецца ўсё, на сумленных, ды часта жыццё ім ставіць падножкі. Як во і цяпер.

Адпусцілі Косціка праз два тыдні — падстрыглі «пад нулёўку». А дома навіна. Стасю позву Анэля прынесла з ваенкамата — прыйшла хлопцу пара ісці ў армію.

Заўсёды, калі барсук вяртаўся з жыравання, то бег акружной дарогай, асцерагаючыся свайго суседа — ваўка, які пасяліўся непадалёк ад яго нары. Паласацік аднаго разу падышоў да логава — быў яшчэ неспрактыкаваны, нявопытны. Да яго адразу кінуліся ваўчаняты, заскавыталі, не бачачы ў ім ворага, пачалі гуляць з ім. А ён, адчуўшы нечакана воўчы дух, з усіх ног кінуўся наўцёкі, каб, барані Божа, не заспелі бацькі, нырнуў у сваю нару і доўга не высоўваў носа.

І цяпер ён бег сваёй сцежкай, ведаючы, што не сустрэне на ёй Клыкастага — у таго былі свае далёкія і рызыкоўныя воўчыя дарогі.

Але, як ні дзіўна, жылі яны ў згодзе, Клыкасты амаль ніколі не наведваўся да яго нары, не лічачы таго разу, як гнаўся за ім. Аднойчы не стала малога барсучаняці, а праз дзень Паласацік убачыў яго косці — непадалёк ад нары. Малое папала ваўку ў зубы ад таго, што было няўклюднае і хворае. Паласацік не раз думаў, што не выжыве, калі пойдзе на самастойнае жыццё.

Ніколі сусед не пільнаваў яго каля нары, ніколі не чакаў яго на патаемных сцежках. З цягам часу Паласацік прывык да такога жыцця і зразумеў, што кожны заняты сваім, што трэба заўсёды асцерагацца і ведаць, дзе цябе можа падпільнаваць бяда... Не, Клыкастага ён баяўся, але ведаў, што ёсць, існуе нейкі звярыны інстынкт, калі нешта не дазваляе таму парушыць законы суседства. І Паласацік не шукаў іншае нары, не ладзіў сабе новае жытло, хаця зрабіць яго нічога не каштавала — проста ён прывык да гэтай мясціны ў лесе, да сцежак, на якіх бегаў штодня.

Мінулай восенню ён забег далёка ад свайго жытла — шукаў сабе спажыву, бо нечакана выпаў першы снег і ўсё прыкрыў. Жалуды былі смачныя, але не наталялі голад.

Калі мінуў асмужаны сасоннік, адчуў, што нехта гоніцца следам, ён азірнуўся — бег родзіч Клыкастага, які не жыў у гэтых мясцінах. Барсук зразумеў, што яму не выратавацца — не было побач аніякай схованкі. Але ён бег, што было сілы. І тут збоку раптам выбухнула маланка, бліснула і аглушыла, ён ад страху ўпаў на зямлю, перакуліўся.

— Бяжы дахаты, дурны, — пачуў ён над сабою голас Дабрадзея і смярдзючы пах ударыў у нос. — Бяжы, не бойся...

Паласацік адчуў яшчэ пах воўчай крыві, азірнуўся і ўбачыў, што Клыкасты ляжыць, разявіўшы пашчу і ткнуўшыся ў сваю кроў, ад якой ішла пара. Потым чалавек пайшоў і знік у кустах. Позна тады барсук прысунуўся да свае нары...

Расказаў Косцік Карабкову пра свой неспакой, прызнаўся, што не можа жыць, не разарваўшы ўсе вузлы.