Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 174

Анатоль Бароўскі

— То і добра. Толькі там ужо з ім не вельмі, не балбачы пра ўсё, што думаеш, падумае, што толькі і бачыш лядайкае ў жыцці, — зноў уздыхнула, як наказ яму дала, асцерагаючы яго ад залішняй шчырасці.

— Няўжо ж я буду плакацца яму, я па дзелу — так, моў, і так, не разумею, таварыш сакратар — былы партызанскі камандзір — многіх рэчаў у жыцці, растлумач мне, мо памыляюся...

Акунь быў тлусты і смачны, і з ім добра пілося піва. У Спрымачоў такой рыбы не прывозілі, ён пасядзеў яшчэ які час і падаўся да выхаду. У дзвярах сутыкнуўся з купкай дзяўчат, якія з вясёлым смехам і шчабятаннем беглі ў сталоўку... Наляцелі на Косціка, бы вераб'і, зноў зарагаталі — ад яго збянтэжанасці, папрасілі прабачэння, абмінулі яго.

«Ну і гарэзы, — падумаў весела, узяўшы іх настрой, — маладыя, а што ў маладосці, з усяго смешна, і таму весела...»

Бралася на мароз. Церусіў дробны снег.

Аўтобус прыпазніўся, і яго чакалі, стоячы на вуліцы. Тут ужо Косцік добрым словам успомніў Паліну — прымусіла, настояла апрануць у дарогу кажушок.

Вецер разам са снегам ганяў па мёрзлай зямлі шматкі старых газет, руды пясок.

— Мо і не паедзе па такой непагадзі? — выказала апасенне пажылая жанчына, трымаючы малога за руку. — Вунь як віхруе...

— Пайдзёт, мамаша, пайдзёт, — супакоіў яе хлопец без шапкі, затуляючыся ў невысокі каўнерык асенняга паліто.

— Няхай бы ўжо, а то во малое захварэла, а маці ў Мазыры — вязу да яе, — гаравала кабета.

Паказаўся аўтобус, ён падкаціў пад самы натоўп людзей, якія ўжо зняверыліся, што паедуць. Загаманілі, заварушыліся, пабраўшы ў рукі сумкі, кашалі і чамаданы.

— Не піхацца, усе пасядзеце! — выглянуў у дзверы вадзіцель — чарнявы, у скураным пашарпаным пінжаку, у заечай шапцы — мерыўся ісці ў дыспетчарскую.

— Дык жа замарозіў ты нас, хлопча...

— Нічога, дзядзька, у нас Ташкент — усе распранешся.

Усеўся Косцік каля акна.

Пасля ён з Мазыра дабіраўся да Калінкавіч.

На Гомель цягнік ішоў толькі позна ноччу.

На месца ён прыехаў раніцай, калі горад яшчэ спаў — не хадзілі тралейбусы і аўтобусы.

Ён колькі часу драмаў на лаўцы ў зале чакання, абапёршыся на чамадан. Потым, адчуўшы, што добра баранілася, схамянуўся, устаў з лаўкі. Убачыў міліцыянера, які хадзіў узад-уперад па зале, падышоў да яго, распытаў, як даехаць да будынка абкома партыі. Сяржант міліцыі, пэўна, учарашні воін — стройны, падцягнуты, як на спружынах увесь, чэсць аддаў, як генералу якому-небудзь, у двух словах растлумачыў, што перад уваходам у вакзал спыняецца «першы» тралейбус — ён і завязе да цэнтральнай плошчы. Дадаў яшчэ, што калі дзядзька дужы і здаровы ды і чамадан легкі, то можна і пехам зайсці — тры кварталы.

Падзякаваўшы ўважліваму хлопцу, Косцік адразу і падаўся да прыпынку.

Пры ўваходзе ў абком, за парогам, яго агледзеў прыдзірліва міліцыянер, пацікавіўся:

— З якім пытаннем да таварыша Громава?

— З якім? — Косцік задумаўся — хіба ж будзеш тлумачыць пра ўсё? Адказаў: — Па лясной справе. Вось і пісьмо яго, запрашэнне.

— На другі паверх — сорак пяты кабінет. Леанід Піліпавіч толькі што пайшоў да сябе. Але вам трэба распрануцца — вунь там гардэроб.