Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 173

Анатоль Бароўскі

— Праўды дабіцца хачу, Андрэй Мартынавіч, — хрыпла сказаў, чакаў, што адкажа ляснічы. — Паеду я ў вобласць. Да Громава.

Ляснічы глядзеў у акно свайго кабінета, доўга ўзважваў, што пачуў, потым сеў за стол. Правёў далонню па твары, бы сціраў з яго нябачнае павучынне.

— Едзь, Канстанцін. Трэба ехаць. І з маёй душы шмат чаго балючага здымеш.

У вачах ляснічага намітка глыбокага суму, незагойнай крыўды. Паўжыцця адабрала чорная ананімка.

...Да Еньска Міхалап даехаў спадарожнай: якраз у яго абход прыязджалі машыны з дрэваапрацоўчага камбіната. Быў з імі і Паўло Шкварка.

У Еньску ён адразу ўзяў білет па першы аўтобус, што хадзіў да Мазыра. Пахадзіў па горадзе, зайшоў у сталоўку, прымасціўся ў куточку, каб не замінаць.

З акна відаць Прыпяць. Па ёй плылі белыя крыгі, бы гусі-лебедзі. Косцік глядзеў на шэрую ваду, на крыгі, смакаваў пакрысе піва, а сам у думках вяртаўся ў свой Спрымачоў, у свой абход...

Ужо які раз ён рашыўся паехаць да Громава, ды адносіў надалей. А калі стала няўсцерп, адважыўся.

Гаварылі не раз з Карабковым пра лес. Раённыя арганізацыі даюць загадзя заяўкі. Рабочыя валяць для іх дрэвы, тралююць, складваюць у метроўкі. Калі ж прыходзіць пара забіраць, чамусьці ніхто не з'яўляецца, быццам прапала неабходнасць у лесе, і ён тады ляжыць да тае пары, пакуль не пачнецца новая паводка. А лясніцтва спісала тыя кубаметры, за ім не лічыцца. А лес гніе, ператвараецца ў труху. Сколькі соцень, ды не, тысяч кубоў загінула... Быццам нейкі злы чалавек сядзіць там, у начальстве, і накіроўвае яшчэ на горшае, быццам такія страты яму і даспадобы.

Перад тым як ехаць, чыркануў кароценькае пісьмяцо. Адказ прыйшоў хутка, праз тыдзень. «Помню, помню сціплага і храбрага партызана, — пісаў весела І ромаў. — Канечне, буду рады пабачыцца. Прыязджай. Чакаю».

Міхалап адказу вельмі абрадаваўся.

У чамадан паклаў трохлітровы слоік мёду — ляснога, верасовага, з дзедавай бортні. Грыбоў некалькі нізачак, сала з чырвонымі праслойкамі. Намерыўся напачатку ўзяць пляшку, каб напомніла партызанства, ды пасаромеўся — а раптам не адобрыць сакратар. Памятаў — у атрадзе не раз караў тых, хто прыкладваўся да чаркі. Самагон быў толькі ў Жыльскага.

— То ты з гэтым у госці паедзеш? — не адобрыла яго гасцінцы Паліна. — Хіба ж у яго таго сала нямашака ці грыбоў? Яшчэ самагонкі здагадайся завязі, дык зноў у каталажку пасодзяць...

— Не, гэтага не вазьму. А астатняе павязу — не пагрэбуе. Сала ён любіў...

— То ж у войну було, — уздыхнула Паліна. — А то цяперака. Усяго хапае. Адумайся, не ганьбіся перад чалавекам.

— Не збівай, жонка, з тропу. Не лезь не ў сваё. Тут я і сам разбяруся. Мы пра жыццё з ім будзем гаварыць. Як былыя партызаны.

— Ото няма табе чаго рабіць: чалавеку тлуміць галаву — у яго і без тваіх клопатаў хапае...

Паліна гаварыла нязлосна, нават мякка, з ноткамі сваёй жаночай перакананасці. Да дзівацтваў Косціка яна прывыкла, звыклася — пасля таго як ён не паслухаўся і пасля бальніцы не пайшоў на другую работу, ведала: такі ўжо характар у яго.

— Усё. Як рашыў, так і будзе, — настояў Косцік, хаця мог і не гаварыць гэтага — жонка і не пярэчыла ў такіх выпадках.