Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 170
Анатоль Бароўскі
— Ведаю, што леснікуеш, пытаўся ў людзей пра цябе. Як работа?
— Ды нічога. Па душы. Увесь час ад вайны па лесе цягаюся. А ты дзе?
Мілёнак каўтануў піва, ссунуў бровы над пераноссем:
— Краіне вугалёк здабываю пад зямлёю...
— А я думаў, што начальнікам дзе вялікім робіш: выгляд такі файны маеш.
— Начальнікам... — заўсміхаўся Стась, — начальнікам над вугальком. Я ж уцёк з вёскі. Як пачаў хапаць людзей «чорны воран». Суседа злева ўзяў, потым справа... Ну, думаю, і мне тое будзе. Ноччу схапіў чамадан, бацькоў абняў і на станцыю... З таго часу і там. Ну, зрэдку прыязджаю на радзіму, да бацькоў. Старыя яны ў мяне, ледзь-ледзь ліпяць.
— Во яно як, — здзівіўся Косцік, галавой крутануў, — я не ведаў. Маіх даўно няма. А цяпер куды едзеш, назад?
— Не, у Гомель сабраўся адскочыць, ёсць у мяне справа ў адной установе. Дакументы хачу адшукаць у архіве, пенсія ж на носе. У адпачынку я. А потым махну назад.
— Дзяцей маеш?
— Трое. А ў цябе?
— Чацвёра.
— О, абагнаў. Гэта добра — мець дзяцей. Хаця і клопатаў ад іх...
— Што праўда, то праўда. Малыя дзеці — малы клопат, вялікія — і клопат большы... Аднаго сына назваў Стасем — цябе помнячы.
Бровы выгнуліся дугой. Мілёнак чулліва абняў Міхалапа:
— Дзякую. Значыць, я — хросны бацьказ... Яшчэ па кроплі за гэта, Косцік, га?
— А, давай. Сёння, братка, настрой такі, што...
— Па рабоце нелады?
— Ды як табе сказаць, з работай усё ў паэрздку. А вось у маім абходзе, ды і не толькі ў маім, няма куды схавацца дзікаму зверу ад чалавека... Не стрэльбай, дык хіміяй, не хіміяй, дык меліярацыяй ці яшчэ якой трасцай — і звера меней і меней. Рыба гіне, усплыве, аж рака белая. Вось прыехаў расказаць, ды не магу дзверы знайсці і таго чалавека, які зразумеў бы мяне, выслухаў, растлумачыў, што да чаго... Пайшоў да сакратара, а там паліцай былы сядзіць.
Косцік выказаў набалелае і адчуў, як адпусціла сэрца, як быццам падзяліўся болем з сябрам. Здаецца, і нічога такога не сказаў яму — хіба ж пра ўсё раскажаш падрабязна, на гэта і дня з ноччу не хопіць, а палёгка наступіла адразу... Аж здзівіўся таму Міхалап.
— Мо слаба стукаўся, трэба было больш настойліва?
— Ды як ужо настойліва — кулакамі? Слухаюць, і не супраць, а вось нічога не робяць.
— У мяне сваяк робіць у абласной газеце, мо яму сказаць, каб пад'ехаў да цябе, га? — ажывіўся Мілёнак. — Ён часта піша фельетоны, крытыкуе і начальства.
— А як яго прозвішча? — безуважна спытаў ляснік.
— Ён змяніў яго. Быў Рабіновіч, а стаў Брагінскі. Не спадабалася чамусьці яму бацькава прозвішча. Чытаў мо?
— Ды чытаў... Як пугай па вадзе плешча, і ўсе вінаватыя, і вінаватага не знойдзеш, ён і звяроў маіх абвінаваціць, што яны слаба хаваюцца ад чалавека, і мяне, што я слаба ахоўваю іх. Прыязджаў аднойчы ў вёску да нашага дзеда, ды не ў час, дык дзед папёр яго па ўсёй вёсцы. Не, не прысылай, з ім не згаворымся...
У бар зайшлі людзі. Косцік, можа, і не звярнуў бы на іх ніякай увагі, каб яны не зарагаталі. Азірнуўся і ўбачыў, што ў бар зайшоў Яфім Сямёнавіч са сваім памочнікам. Яны заказалі па куфлю піва і сталі ў яго за спіной.