Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 171

Анатоль Бароўскі

— Эх, каб тараначку сушаную, — цокнуў языком страж прыроды.

Косцік павярнуўся да яго, узяў за плячо, павярнуў да сябе, з'едліва спытаў:

— А можа, табе ракаў вараных — спрымачоўскіх? А можа, ласяцінкі маладой, вяленай, га? Ты мне скажы, пасля таго ласяняці вас усіх не праняў дрыстун?

Каган ужо адбіваўся ад Косціка, але ён учэпіста трымаў яго за грудзі.

— Вар'ят, чаго да мяне прычапіўся? Я чалавек кантужаны, магу і...

— У с.... пражэктарам ты кантужаны, — прамовіў Міхалап, і ў бары, хто пачуў яго, зарагаталі. — У Ташкенце ты хаваўся...

— Косцік, адстань, — папрасіў Мілёнак, — хадзі да століка, не чапай яго...

— Чакай, Стась, гэта той чалавек, які займаецца аховай прыроды, а сам губіць яе. Я з ім пагаварыць хачу тут, бо ў сваім кабінеце ён мяне слухаць не захацеў. А тут, пры людзях, хай раскажа, як ён ахоўвае прыроду.

Расчыніліся дзверы, і да іх ужо кіраваліся два міліцыянеры — маладыя сяржанты.

— Прайдзёмце, таварыш, — звярнуўся адзін з іх да Міхалапа.

— Куды гэта? — перапытаў Косцік і зразумеў, што цяпер ён кругом вінаваты — і выпіў, і абазваў, і што яму не выкруціцца... Паглядзеў вінавата на Мілёнка, горка ўсміхнуўся: — Ты ўжо прабач мне, дружа, што такая ў нас сустрэча выйшла...

— Таварыш, ды чалавек не вінаваты, — паспрабаваў апраўдаць сябра Мілёнак, — вы хоць выслухайце яго, з-за чаго ён такі. ён па праўду ў раён прыязджаў.

— Вось у нас ён і знойдзе яе, а калі вы хочаце за кампанію, то і вас можам узяць.

Стась ведаў, што даказваць дарэмна, тым больш калі ўзяў на губу.

— Косцік, нічога, не хвалюйся, ты толькі не падай духам.

— Не ўпаду. Мне таго духу на ўвесь век мой хопіць. Яшчэ раз прабач. Не дагаварылі мы з табой.

— Нічога, жывы будзем, дагаворым.

— Нахаба, прычапіўся, — абураўся Каган, папраўляючы каўнер пінжака, — і як такіх алкаголікаў зямля носіць?

І зіркаў нядобра ў бок Мілёнка, быццам ён быў вінаваты ў тым, што адбылося.

А Міхалап ішоў пад аховай міліцыі і думаў: «А барсук праўду гаварыў, папярэджваў. І вось яны — непрыемнасці. Думаў я пра рознае, але пра тое, што мяне будуць весці пад вартай два міліцыянеры, такога ўявіць не мог. Дажыўся, тваю качалку... Во смеху будзе ў Спрымачове, пагалоска пойдзе, што бойку ў горадзе ўчыніў, за што і пасадзілі ў каталажку. А д'ябал з ім, чалавек усё павінен паспытаць — і горкага, і салодкага. Да Громава трэба, ён выслухае, зразумее... А можа, гэта сакратар пазваніў у міліцыю, каб мяне злавілі і забралі? Адно шкада, што Жамойда будзе злараднічаць, здзекавацца. Ну і хай смяецца, калі ёсць ахвота. Хай... Ну і барсук, ну і правідзец. Як прарок — прысніцца, і чакай подласці».

Праз дзень прыехаў Карабкоў, выпрошваў свайго лесніка ў начальніка міліцыі, ды, пэўна, строгім быў загад пакараць.

— Што ты ўтварыў тут такое? Кажуць, на сакратара райкома з кулакамі кінуўся...

Косцік усміхнуўся, пашкроб няголены падбародак:

— Затое зразумеў я, Андрэй Мартынавіч, што ім нашы лясныя клопаты — да фені... А вы вярнуліся ўжо на работу?

— Вярнуўся.

— Адчапіліся ад вас?

— Не зусім, яшчэ, пэўна, будуць цягаць.