Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 169

Анатоль Бароўскі

— Ды ён жа паліцай. Я даказаць магу. З Ладзікам Жменькам мы яго прыпялі ў вёсцы.

— Міліцыя разбярэцца. А вы выйдзіце з кабінета. Зараз жа!

Крыўда адабрала апошнія сілы і надзею. Сцягнуў з паліраванага стала сетку з хлебам і цыгарэтамі, прашаптаў зняможана:

— Эх вы, людзі... Глухія і няўдзячныя.

Бяздумна блукаў па Еньску, не знаходзіў сабе месца.

— Міхалап, ці ты гэта? — нехта перагарадзіў яму дарогу. — Ці абазнаўся?

Косцік адхіснуўся, паўглядаўся ў чалавека — і не пазнаваў. Паціснуў плячыма.

— Забыўся. Пастарэлі. Я пастарэў, значыць. А цябе я адразу прызнаў. Багатым не будзеш, значыць, я яшчэ разжывуся, узаб'юся на багацце.

Голас як быццам знаёмы, даўні, і не ўспомніць, а тварам — чужы, незнаёмы.

— Не, браце, не ведаю.

— Я ж Мілёнак. Той самы, які цябе на саначках цягнуў параненага. Ці не ўспомніш?

— Стась? — Міхалап ускінуў рукі, не пазнаваў таго маладога, вёрткага і вясёлага. — Стась, дарагі мой, не пазнаў цябе, далібог...

Ён кінуўся да яго. Аблапілі адзін аднаго ў абдымках.

Косцік адчуваў, як порсткая цеплыня ўдарыла ў скроні, скавала ўсяго. Не знаходзіліся словы, якія трэба было сказаць даўняму партызанскаму сябру, які прапаў пасля вайны і не даваў пра сябе ніякіх вестак. У каго ні пытаўся Міхалап з яго вёскі — паціскалі людзі плячыма. Родная маці нічога пэўнага не сказала.

Адарваліся адзін ад аднаго, радасна ўсміхаліся — а бачылі сябе тымі, маладымі, калі хадзілі па партызанскіх сцежках.

— Слухай, браце, а пайшлі ў «Прыпяць» — піўка пап'ём ды і пагаворым пра ўсё, — прапанаваў Мілёнак. — Час маеш?

— Маю. Мне да аўтобуса яшчэ ого-го!

— То ж добра — такая сустрэча! А я іду, значыць, па вуліцы, аж нешта пад грудзі кальнула — ты ці не ты, думаю. Аж, бач, не абазнаўся...

У Мілёнка на твары шчырая радасць. Ішоў рухавенька, наперад забягаў, у вочы зазіраў і гаварыў, гаварыў, душу радуючы абодвум. Выглядаў ён ніштавата — у шэрым паліце, у капелюшы, у чаравіках на тоўстай падэшве. На рабоце, пэўна, нейкай чыстай. У руцэ сакваяж, другой жэстыкулюе. Вусы адгадаваў пышныя, яны, пэўна, яго і робяць іншым, што і не пазнаць. Паголены твар дагледжаны, але, калі пільна прыгледзецца, то на твары заўважны чорныя кропачкі — як порахам твар апалены...

— А я цябе не прызнаў... — вінаваціўся Міхалап. — Гэта ж колькі часу прайшло, га? Дваццаць пяць гадкоў...

— Так, так... І не ўгледзелі.

Ім пашанцавала — дзверы ў бары былі расчынены, і: аб'яўка вісела, што з раніцы завезлі свежае піва.

Столік выбралі ў кутку, дзе можна было спакойна пастаяць і замінаць ніхто не будзе. Косцік памкнуўся да буфета, але яго апярэдзіў Мілёнак, праз колькі хвілін прынёс чатыры куфлі піва. «Каб двойчы не бегаць,— растлумачыў, — люблю піва...» ён і перакусіць узяў — нарэзанага мяса, некалькі яек, скумбрыю. Прынёс дзве шклянкі. А потым дастаў з сакваяжа пляшку гарэлкі і наліў цішком па палавіне.

— За сустрэчу! — дзынкнулі ціхенька шклянкамі, выпілі цішком і пачалі няспешна закусваць.

Стаялі насупраць, адзін з аднаго не зводзілі вачэй. Пасміхаліся з саміх сябе, што пастарэлі, пасівелі, што абраслі клопатамі, мітуснёй.