Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 168
Анатоль Бароўскі
Імжа яшчэ не рассеялася. Воблакі былі густыя і шэрыя — хавалі сонца. Было волгла.
Міхалап папіхаўся на рынку, сустрэў таго-сяго са знаёмых, пагаварыў, паглядзеў, чым гандлююць на суседскіх сталах. Зазірнуў у магазіны, напакаваў сетку хлебам і «Прымай», каўбасой. Толькі на душы яшчэ заставалася горычнае шкадаванне, што з'ездзіў абы-як, не так, як жадалася.
І яму нечакана як што цюкнула ў галаву: або цяпер, або ніколі. Неадкладна! Да сакратара. Зараз жа! Бо потым ніколі ўжо не сабрацца. У ім нарадзілася невядомая дагэтуль рашучасць. Ну і што, калі бюро... Хай паслухаюць, што скажа...
У прыёмнай сядзеў лысы дзяцюк у светлым касцюме.
Міхалап рашуча накіраваўся да дзвярэй сакратара. Жанчына ўсхапілася ўстрывожана з месца, загарадзіла дарогу, як не закрычала:
— Таварыш, я ж вам сказала ўжо...
Але Косцік груба адпіхнуў яе, ірвануў на сябе дэрмацінавыя дзверы, рашуча зайшоў у кабінет. За доўгім сталом, адзін супраць аднаго, сядзела двое. Хто з іх быў сакратар, Міхалап не ведаў, не страчаў нідзе, а таму і сказаў наўздагад:
— Я да вас, таварыш сакратар. Мяне не пускалі, праўда, але я штурмам... Я па пільнай патрэбе, неадкладнай. Ляснік я, Міхалап. Канстанцін Мінавіч...
Той, што сядзеў справа, устаў, паглядзеў на лесніка, супакоіў:
— Нічога, таварыш Міхалап. Калі пільнае... Вы сядайце, я вас слухаю. Трошкі часу ў мяне яшчэ ёсць.
Косцік не сядаў, гаварыў, стоячы, няёмка адчуваючы сябе ў прасторным кабінеце:
— Чаму я вас ніводнага разу ў лясніцтве не бачыў? Я б вам расказаў бы цэлую паэму. Пэўна ж, вы і не ведаеце, якія безабразія творацца.
— Прысядзьце, калі ласка. Спакойна раскажыце пра ўсё. Я вас пакуль не разумею...
Наведвальнік кабінета сабраў паперы ў папку, падняўся. Кульгаючы, пайшоў да дзвярэй. З парога ўжо сказаў:
— Дык у мяне ўсё, Віктай Аяксанд'явіч. Я пайду. Калі будзе час, дайце знаць, паявоім...
Косцік адчуў, як шпыранула нешта ў скроні, а потым кальнула ў патыліцу, ён пазнаў кульгавага. Успомніў яго «паявоім»...
— А, Квач? Здароў быў! — у горле Міхалапа перасохла, і яму цяжка было гаварыць. — Як чавэла пажывае? Добра? Дык жывы я, жывы. З таго свету вярнуўся...
Кульгавы ўмольна паглядзеў па сакратара:
— Што за вай'ят такі? П'яны ці дуйны? Я яго і знаць не знаю.
— Ах, не знаеш?! — Косцік падскочыў да яго і ўчапіўся за каўнер пінжака. — Не знаеш? Я той, якога ты закопваў жыўцом у магілу. Паліцай ты. Вылузаўся тады, у войну, сволач... Паліцай. Таварыш сакратар, арыштаваць яго трэба.
Квач крутануўся, ударыў па руцэ і рвануў да дзвярэй.
— Выйдзіце з кабінета! — загадаў нечакана сакратар, наліўся чырванню, зрабіўся строгім. — Праспіцеся!..