Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 167
Анатоль Бароўскі
— Слухаем вас, — адклаў убок чырвоную ручку супрацоўнік — мужчына сярэдніх гадоў, з густымі вусамі. — Сядайце, калі ласка.
— Дзякую. Ёсць у мяне пытанні. — Косцік не адрываў позірку ад таго, хто гаварыў па тэлефоне — нейкі знаёмы быў яго голас, падалося, што дзесьці сустракаўся з ім, гаварылі нават. — Ляснік я. Спрымачоўскага лясніцтва. Ды я пісаў вам пра хімічныя атрады...
— А, памятаем, давалі вам адказ. Сапраўды непрыемная гісторыя атрымалася. Кіраўнік хіматрада атрымаў строгую вымову на бюро райкома партыі — і не толькі за тое, яны і" ў іншых месцах шкоды нарабілі...
А той, хто гаварыў па тэлефоне, не паварочваўся, бы і не чуў, што нехта пабочны зайшоў у пакой — галёкаў, прасіў некага прыслаць паперы, бо не можа без іх аформіць справаздачу. Потым развітаўся, павярнуўся і паклаў трубку. Зірнуў на Косціка, але не ўбачыў яго — быў яшчэ ва ўладзе нядаўняй размовы. «Гэта ж Яфім Сямёнавіч, што да Жамойды высокага госця прывозіў... То іх сляды былі перамешаны з ласінай крывёю. То ён з Тхарэнкам і Жамойдам частаваліся юшкай у Дзягцяра. І я да яго іду са сваёй скаргай?»
— Шкоду рабілі і будуць рабіць, пакуль вы тут раскашоўваецеся і пішаце атчоты — ліпавыя канечне
— Не разумеем, собственна, — Яфім Сямёнавіч прыплюснуў вочы, шмаргануў носам. — На чым базіруецца вашая заява?
— На чым? А на тым... Вы тут паперкі пішаце, што ахоўваеце прыроду, а ў мяне, у Спрымачове, звяры гінуць... З-за такіх, як вы. Ды я ж вам ужо гаварыў, як вы ў Дзягцяра гарэлку жлукцілі.
— Слухайце, вы! Гаварыце, ды не загаворвайцеся! І хто вам даў, дарэчы, на гэта права — ілгаць?
— Права? — прыгнуўся Косцік, хмыкнуў здзіўлена, глядзеў на кіраўніка канторы. — Жыхары Княжына, хто ж яшчэ. А, што табе гаварыць, ты далей свайго носа нічога і не бачыш.
— Я бачу, што таварыш напіўся і прыйшоў сюды даказваць праўду, — уздыхнуў стомлена Яфім Сямёнавіч. — Яму здаецца, што ўсе людзі крыважадныя, адзін ён шкадуе звяроў.
— Эх, урэзаць бы табе, — сказаў Косцік, устаючы, — каб ведаў. Напомніць бы табе, як з Жамойдам дзіця Царыцы забіў, потым і яе... Эх ты, жытка растудыцкая, як той воўк па лесе рыскаю... А што толку? Бюракраты, што з вас возьмеш... Прыроду яны ахоўваюць. Ад вас прыроду трэба ахоўваць...
Міхалап ледзьве стрымаўся, каб не нарабіць чаго — часаліся кулакі і свярбеў язык. Тут словы — што гарох, а тыя, хто слухае, глухая сцяна. І дурню зразумела — прыехаў дарэмна. Без запрашэння. А няпрошаны госць — горш за татарына. Успомніў, як татарын адзін у атрадзе партызанскім пытаўся ў падрыўнікоў, чаго так прыдумалі, чым кепскім праславіліся татары. Праславіліся вядома чым, але сказалі, што калі Рамілю так не падабаецца, то можна сказаць і інакш: «Няпрошаны госць — лепш за татарына». Раміль новы сэнс зразумеў праз тыдзень. Падышоў да Жменькі і папрасіў: «Слухай, Жменька, няхай па-ранейшаму застаецца, плоха новы слова звучат». Згадзіўся Ладзік — няхай будзе, як было...
Плячом таўхануў дзверы, не азірнуўся.
Адчуванне было, што зайшоў у нейкі тупік, з якога не бачна выхаду. Некалі Алесю, дашкольніку, купіў цікавую цацку — лабірынт. Зялёненькі квадрацік трэба было выпхнуць у процілеглы вугал. Сын навучыўся хутка, і хвіліны не праходзіла. Папрасіў аднойчы бацьку пагуляць. Косцік піхаў той квадрацік і загнаў так, што ні ўзад ні ўперад. Сын рагатаў з яго няўмельства, аж слёзы выступілі. А Косцік раззлаваўся, што не атрымалася, і паўтараць ужо не хацеў. Вось і цяпер выходзіла накшталт гэтага — зайшоў у такі ж тупік. Сам, па сваёй ахвоце. І цяпер трэба было выйсці з яго, разарваць павучынне, што плялося наперадзе.