Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 16

Анатоль Бароўскі

За акном сваволіць шустры ветрык, гайдае галіны каштанаў. Аціхае вечар, аціхае горад. Усё ярчэй праяўляюцца на небе зоркі. Месячык дзесьці там, з таго боку дома, не відаць яго пакуль — насупраць, на дахах дамоў, слабы водсвет ад яго.

Вунь нават відаць галубы — збіліся купкай, куголяць, мосцячыся на ноч. У вокнах ужо святло — за кожнай шторай свой свет, сваё жыццё.

Наташа навучылася распазнаваць людзей, якія хадзілі па пакоях. Яна адчувае іх настрой. З усімі жыхарамі, якіх яна бачыць, яна знаёма — страчаецца штодня, вітаецца. І з дзяцінства сядзела на гэтым падваконніку — глядзела на іх.

А вось з таго дома, што праз дарогу, яна нікога не ведае. Хаця каго-небудзь і страчала на вуліцы ці ў двары. Але ведала іх так, як кажуць, наглядкам.

Шкада, што яна не можа пісаць, як Баброў. Перадала б дакладна такія падрабязнасці, такія здарэнні, што бяры прама ў кіно ці ў кнігу тыя сюжэты. А мо то і добра, што яна не ўмее перакласці жыццё тых людзей на паперу. Бо прыйшлося б перажываць кожнае жыццё паасобку — плакаць, сварыцца, смяяцца, бачыць кроў і распусту, махаць сякерай ці нажом... У яе не хапіла б на тое сіл. Тут у сваім жыцці не можа разабрацца, а то яшчэ ўзялася б вяршыць суд над іншымі.

Вунь хаця б тое акно, на трэцім паверсе. У ім ніколі не зашторваецца фіранка. Жанчына, якая жыве там, ні ад кога не хаваецца — і таму заўсёды бачна, як яна ходзіць па пакоі, што робіць на кухні.

Раз у тыдзень да яе прыходзіць госць, ён распранаецца, вешае на вешалку плашч ці паліто — у залежнасці ад пары года, потым ідзе да акна і зацягвае шторы. Яны ідуць на кухню, сядзяць доўга за сталом, нешта абмяркоўваюць, ён цалуе ёй рукі, ківае галавой.

Жанчына ў такія вечары апранае блакітны аксамітавы халат і сядзіць так за сталом... Апоўначы на кухні гасне святло і не загараецца ў пакоі. І далей невядома — ці госць застаўся ў яе, ці пайшоў. Аднаго разу яны чамусьці не выключылі святло. Наташа праз колькі хвілін саскочыла з падваконніка, нырнула пад коўдру і чула, як пульсавалі ў скроні тоненькія іголачкі. А ноччу прыходзіў ён, як прывід, і пасміхаўся з яе, што яна падглядвае ў чужыя вокны. Яна бажылася і клялася, што нічога такога не бачыла, але Баброў усё роўна гаварыў ёй насуперак, каб пазлаваць яе, давесці да слёз...

У акне, насупраць, над жанчынай, жыве музыкант — няўрымслівы чалавек з кучаравай галавой, увесь час хітае ёю —у такт музыкі! Кожны вечар сядае за піяніна і развучвае ці складае новыя мелодыі. Каля яго ходзяць дзеці, жонка, а ён злуецца, махае на іх рукой.

Калі ж нешта не ўдаецца, то сядзіць задумліва і страляе жоўтымі падцяжкамі.

На трэцім паверсе жыве інвалід. Да яго часта прыходзяць са школы дзеці — памагаюць нешта рабіць. Ходзяць у краму, купляюць прадукты. Дзед тэпае толькі па хаце, трымаецца адной рукой за сцяну... А потым ён іграе на скрыпцы. Дзеці сядзяць і слухаюць...