Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 17

Анатоль Бароўскі

А ў кватэры, што злева, амаль штовечар сваркі. Там свае праблемы. Там свая бяда. П'е муж, і п'е жонка. Шукаюць за рэчкай пустыя бутэлькі і здаюць, каб наскрэбці на «чарніла». Калі расчынены балкон, чуваць, як яны адно аднаго абзываюць і абражаюць. Не шкадуюць салёных слоў. Плача сын, на кухні пуста — няма чаго і паесці.

Кожнае акно — свая гісторыя, сваё жыццё. Можа, адтуль, з нейкага акна, нехта таксама пазірае на яе і таксама ведае шмат чаго цікавага і нецікавага пра яе.

Раней маці праганяла яе з акна, забараняла сядзець на падваконніку. Баялася, каб не ўпала. Бацька, калі быў жывы, смяяўся з тых забабонаў: «Ну, што табе, Святлана, ад гэтага — узрост у яе такі. Няхай пасядзіць на адзіноце. У яе пытанняў незразумелых — процьма. Вось няхай і рашае іх на сваім седале, ці не так, дачка?»

Глядзіць ён на дачку ласкава, пяшчотна. Не таму, што любіў больш за Валодзю і Надзейку, а таму, што па натуры быў чалавекам дабрачым і шчырым, — разумеў яе ва ўсім. «Так, тата, — усміхалася яна і радая была, што ў яе з бацькам існуе суладнасць у поглядах на жыццё, — я яшчэ падзорную трубу куплю і буду планеты невядомыя адкрываць. Я ўжо адну адкрыла. І, ведаеш, як назвала яе?» — «Як?» — бацька ўздымае калматыя бровы. «Георгій! У гонар твайго імя!» — горда адказала яна. «Вось як, а я і не ведаў», — усміхаецца бацька.

Няма яго, і няма з кім падзяліцца сваімі думкамі і трывогамі. А клопатаў з гадамі ўсё больш і больш. Не развяжаш іх, не рассячэш тыя вузлы, што завязвае жыццё.

Як не вырваць з сэрца таго, хто стаў яе болем і радасцю, пакутай і шчасцем...

— Ты?..

— Я.

І больш ні слова за вечар. Дакладней, за дарогу, што яны ішлі разам.

— Ты? — яна задае адно і тое ж пытанне, не здзіўляючыся ўжо з яго і не радуючыся, што ён страчае яе.

— Я... — адзываецца глуха і пасля гэтага, ідучы побач, маўчыць, не распытвае, не расказвае нічога.

Чакаў яе заўсёды на паваротцы. Дождж лье, вецер усчнецца, а ён стаіць пад разгалістым каштанам, чакае.

— Ты?

— Я... Доўга сёння заняткі ў цябе.

— Сход быў.

Прамовіла і злавіла сябе на думцы, што гаворыць не так — як апраўдваецца перад ім. Прайшло амаль чатыры месяцы, як ён сустракае яе пасля заняткаў.

У час першай сустрэчы, калі ён прыйшоў да іх у групу, у інстытут, здаўся пажылым і стомленым. Старшыня калгаса напісаў у рэдакцыю пра дзяўчат, пра тое, як яны выступалі з канцэртам, як пасябравалі з вяскоўцамі. Прасіў праз газету выказаць ім падзяку. Тады Баброў і падаўся да іх у групу...

Можна было даць кароценькую інфармацыю. А яму чамусьці захацелася схадзіць да дзяўчат, пагаварыць, мо што цікавейшае раскажуць. Размова была кароткая, усяго з чвэрць гадзіны. Але за той час ён сустрэўся з яе позіркам.

— А вы што рабілі на сцэне, калі выступала група? — звярнуўся ён нечакана да яе.

— Спявала «Салаўя» Аляб'ева...

Сказанула і пачала чытаць газету, што была ў руках. Дзяўчаты пырснулі смехам, адвярнуліся.

— Харошая песня, — адказаў ён, і не зразумець было, ці ён падтрымаў жарт, ці аднёсся сур'ёзна да яе слоў.

Ён пагладзіў пальцамі вусы, загарнуў блакнот. Скроні яго пасерабрыў час, вочы глядзелі пранікнёна і ўпэўнена.