Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 15

Анатоль Бароўскі

І хаця Пушкарчуку трэба было ісці дадому, а пасля на адказную сустрэчу, якую арганізаваў савет ветэранаў і гарком партыі, пайшоў да Арэшкі.

Сам не заўважыў, як час праляцеў — аказваецца, вельмі цікавым чалавекам аказаўся гаспадар. Пушкарчук напачатку баяўся, што той замучыць яго сваімі скаргамі і хваробамі, а аказалася, што за дзве гадзіны, якія яны прагаманілі, ні ўздыху, ніводнай просьбы.

Жонка яго, Святлана Ігнатаўна, маўкліва сядзела за сталом, толькі слухала, пра што гаварылі, не перабівала, калі муж пытаўся ў яе: «Памятаеш, Света?...» Яна толькі галавой ківала, і ў яе вачах свяцілася радасць, што Андрэй з госцем ладненька гаворыць.

Не прыгледзеўся тады да жытла, слухаў гаспадара, які так вясёла і ўзнёсла расказваў пра сябе, што без памылкі можна было вызначыць — шчаслівы чалавек ён, і душа ў яго шчырая, прыгожая. Цяпер жа шкадаваў, што не ўмяшаўся, што не падняў на ногі савет ветэранаў. У нечым адчуваў і сваю асабістую віну. І ў душы нараджаўся сорам, глядзеў у вочы Андрэю і адчуваў вінаватасць перад ім.

На стале зазваніў тэлефон.

— Слухаю вас, — прамовіла мяккім голасам сакратарка і кіўнула згодна галавой. — Добра, я зразумела...

Арэшка ўздыхнуў, глянуў у акно. Сонца высвеціла яго сівую, як пабеленую, галаву. У вачах сум і бяссілле.

— Таварышы, званіў толькі што Фядос Рыгоравіч. Нечакана яго выклікалі ў Гомель. Будзе заўтра пасля абеду. Прабачце, што так атрымалася...

— Ды нічога, у Бога дзён многа, — супакоіў жанчыну Андрэй Дарафеевіч, звярнуўся да Пушкарчука: — Л ты куды цяпер?

— Ёсць адна работка, скончыць трэба.

— Мо памочнік трэба, то бяры мяне — вольнага часу ў мяне ўга-га колькі. Не ведаю, куды і дзяваць яго. Што без нагі толькі, нікуды не дапрэш далёка...

Развіталіся на вуліцы, паціснулі адзін аднаму рукі.

— То бывай.

— Бывай, Андрэй, мацуйся.

— Ды буду мацавацца, трэба жыць. Кха-ха, к-ха...

«Куды цяпер? У майстэрню — пазнавата ўжо, не паспею нічога зрабіць. А можа, падацца да каралеўскага замка, пашукаць чаго ў раскопках?.. Мо цэглу якую адшукаю адмысловую. Трэба ж папаўняць экспанаты музея — мо дазволіць адкрыць мэр... Павінен дазволіць».

І ён прыспешыў крок — падаўся да Замкавай гары.

5.

Наташа — летуценніца. Можа прасядзець усю ноч ля акна, глядзець у зорнае неба і марыць аб сваім, патаемным. Намеціць нейкую адну-адзіную зорачку — светлую, маленькую, — і неадрыўна глядзіць на яе, не зварухнецца. І толькі зачэпіцца нейкі першы прывід, як тут жа з'яўляецца новы, яшчэ цікавейшы. І потым яны ўсе ажываюць, злятаюцца да яе — яна маўкліва гаворыць з імі. Хто яны, тыя прывіды?

Гэта і людзі з іншых планет, знаёмыя і блізкія. Яна кліча іх на дапамогу. Бо ёй апошнім часам цяжка, так цяжка, што яна і выйсця не бачыць з таго тупіка, у які трапіла. Разламалася яе душа на дробненькія аскалёпачкі, і яна сама ўся пераламалася, як бярэзінка пад напорыстым ветрам. Не ведае цяпер сама — ці выпраміцца, ці ажыве.