Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 14

Анатоль Бароўскі

Ён быў у пацёртым касцюме, паголены — мусіць, толькі што з цырульні. Ад яго патыхала адэкалонам. Інвалід крутануўся на драўлянай назе, задумаўся, пачухаў патыліцу.

— Тэкс, тэ-экс... — зрабіў ён крок да дзвярэй, няўцямна правёў позіркам па людзях, што сядзелі паўз сцяну, заўважыў Пушкарчука. — То і ты тут, Мікітавіч? Да яго? А я і не бачу, сляпы стаў.

Мікола Мікітавіч ветэрана ведаў добра. Не раз гаварылі, успаміналі вайну. Арэшка расказваў пра сябе, пра тое, як нагу страціў у баі... Акурат тады, як і распісваўся на тым рэйхстагу, як штурмам бралі тую вышыню. Нечакана разарваўся непадалёк ад іх нямецкі снарад... Як брытвай зрэзала нагу. А пяцёра хлопцаў, што ішлі ззаду, загінулі пазней, дзевятага мая, не ведаючы, што ў той дзень і была Перамога... За ўсю вайну Андрэя Арэшку не зачапіў ніводны асколачак, ніводная куля, нават і драпінкі не было на целе, а тут такая трагічная нечаканка...

— Жыццё як?

— Ды тэпаю, Андрэй. А ты ўсё з жыллём?

— І не кажы. Абрыдла, браце, усё. Не ўмею я стукацца ў гэтыя паліраваныя дзверы. На цябе паглядаюць, як на ворага народа.

— Абяцае што?

— А-аа... Носам, браце, круціць, а нічога пэўнага не кажа. Адзін у яго адказ — пачакайце, пачакайце... Я-то буду чакаць, кажу, ды толькі ты мне скажы колькі. Каб я не надакучваў табе, не адрываў ад работы. Дык і не так, і не гэтак. Як там Зялёнка пажывае?

— Ды нічога. Малюе.

— І чаго толькі прычапіліся да хлопца? А ўсё ад таго, што асмеліўся пакрытыкаваць партыйнае начальства. А яно ж не любіць, калі праўду гаворыш. Як тады раскрычаўся гаркомаўскі сакратар: «Я вас з работы папру! Я вам пакажу, як не паважаць партыю!..» А пры чым тут партыя, калі той першы сакратар сам не петрыць у той справе, дык і маўчаў бы. Не, прэцца, як жаба на корч... Ці не так, Мікола?

Пушкарчук хітае галавой:

— Так, так, Андрэй. Яны тады абодва пагарачыліся. А не трэба было падымаць той лямант: малюе — няхай малюе, гэта яго клопат, што і як маляваць. Справа іншая, ці можна тое выносіць на агульны суд? І то тут можна памыліцца — няхай глядзяць людзі і даюць самі ацэнку: добрае тое ці кепскае? А твой партрэт вельмі ўдаўся, Андрэй. Хвалілі яго вельмі. І мне ён падабаецца...

Арэшка прыжмурыўся, прыкрываючы калматым брывом правае вока, хмыкнуў:

— Удаўся, кажаш? Ты так расхваліў, што хочацца і мне зірнуць адным вокам. Цікава, што ж ён ува мне ўбачыў такое, што і мне невядома. Значыць, майстар. Гляну, не можа быць, каб не глянуў. Вось рашу свае жыццёвыя пытанні і... Раматус мяне, братка, заядае У тым падвале мне жыцця ўжо няма. Ды я ж і не прашу харомы і палацы, у мяне два пакойчыкі — дык дайце хоць адзін. Нам са старою хопіць.

«У кожнага свой клопат, свае хваробы і болькі, — падумаў Пушкарчук, гледзячы са шкадаваннем на Анд рэя. — Але ў яго не толькі жыццёвая неўладкаванасць.

У яго смыляць раны вайны. А яны самыя балючыя, бо сёння іх болю іншыя чамусьці не адчуваюць...»

Разы са два Мікалай Мікітавіч быў у яго. Неяк пасля мітынгу на плошчы, у Дзень Перамогі, зацягнуў да сябе Андрэй у госці. «На хвілінку, братка, доўга я цябе не затрымаю, — як бы прасіў прабачэння ў Пушкарчука, радасна клыпаў побач, зазіраў у вочы, і яму было няёмка, што франтавік так уважвае яго — як начальства якое. Але хіба Андрэй згінаўся ў ліслівым паклоне перад ім? — Вып'ем па шкаліку за перамогу. За нашых сяброў, што палеглі на франтах. За ўсіх ветэранаў, што засталіся жывыя і не могуць забыцца на праклятую вайну...»