Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 18

Анатоль Бароўскі

Яна і забылася пра тую сустрэчу. Нагарнуліся клопаты з падрыхтоўкай да сесіі, практычныя заняткі... І з сябровак ніхто не ўспамінаў пра журналіста, што прыходзіў. Нават на кароценькую заметачку ў абласной газеце ніхто не звярнуў увагі.

Здзівілася вельмі, калі аднойчы, ідучы пасля курсавога вечара дадому, сустрэла яго на рагу вуліцы.

— Ты?

Сама не ведала, чаму адразу перайшла на «ты», само сабой выскачыла, паміма яе жадання і волі, гэтак самахоць.

— Я.

Голас ціхі, як бы вінаваты. Секла твар імжа, і ён адразу раскрыў над яе галавой парасон — свой дзяўчына не ўзяла.

Маўчалі. Яна ведала, што гэтыя сустрэчы непажаданыя і непатрэбныя. Па ўзросце ён значна старэй, ведама, што мае сям'ю, дзяцей. Што тады яму трэба ад яе?

Яны маўкліва прайшлі ўвесь шлях. Не сказалі адно аднаму больш ніводнага слова. Між імі існавала толькі маўклівае яднанне — кволенькае і няпэўнае. А мо і зусім не было... Хаця б з яе боку. Яна, нырнуўшы ў доўгі прыцемкаваты тунель, не развітаўшыся, пайшла да свайго пад'езда.

Баброў чакаў яе заўтра, паслязаўтра. Кожны вечар. Яна здзіўлялася яго настойлівасці і хацела ўжо ўбачыць, хто ж пераможа ў той маўклівай і зацятай барацьбе. Тое нагадвала нейкую гульню. Яна захапіла яе, уцягнула, як у нейкі вір. І яна прыняла ўмовы — што ж тут такога страшнага — усё праходзіць маўкліва і бяскрыўдна, без слоў і пачуццяў — як у шахматы. Сэрца ад такой гульні не падарвеш. Бо ў любое імгненне ўсё можа парвацца, як восеньская кволенькая павуцінка...

Падумалася пра іншае — даўно была ў Валера Арлова, ён бы параіў, падказаў, навучыў бы мо чаму — у яго ж душа чыстая-чыстая, бы шкельца, амытае не вадой, а сумленнем і цнатлівасцю.

Валерка — паэт. Не, яго ніхто не ведае, ён нідзе не друкаваўся і нікуды не дасылае свае вершы. Ніхто не ведаў чаму. Наташу радкі краналі. Але заўважыла, што Антон Зялёнка, калі слухаў Валерку, мяняўся з твару — яго як што пранізвала глыбокім болем, ён тады ні з кім не размаўляў. Нават з ёю. У душы, мусіць, тварылася нешта неверагоднае. А што — не казаў. Яна здагадвалася: то вершы вярэдзілі сэрца і душу. Няўжо можа так на чалавека ўздзейнічаць паэзія?

Хадзілі да яго, як у царкву. Як у спавядальню.

Дзіўна было — Валер адчуваў душу кожнага, ведаў, што з ёю творыцца. Ён пранізваў кожнага нейкім боскім промнем, прасвечваў, як рэнтгенам. А яны, госці, не разумелі, адкуль ён ведаў пра нечыя перажыванні і няўдачы, хваробы і радасныя хвіліны. Не хадзіў жа, сядзеў дома.

У яго блакітныя вочы. Антон казаў, што васільковыя. Такім вачам, здаецца, ніколі не зманіш і не схлусіш. Словы яму будзеш казаць толькі праўдзівыя і шчырыя.

Валерка з дзесятага класа не хадзіў. Адняло ногі.

Экзамены выпускныя ён здаваў у бальніцы — прыходзілі да яго настаўнікі. Амаль усе прадметы здаў на «выдатна». Паступіў потым завочна ва універсітэт. І добра ішлі справы. А потым нечакана кінуў вучобу — не хацеў назаляць выкладчыкам і адымаць у іх час. Верыў шчыра, што адрываў іх ад работы.

Жыў ён на ўскрайку горада ў цагляным дамку, які будаваў некалі бацька з сынамі. Бацькі не стала, і маці цяпер яму за няньку, за таго чалавека, які прыйдзе заўсёды на дапамогу.