Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 159
Анатоль Бароўскі
— Прыйшлі, — глуха сказаў ляснік, усё яшчэ гледзячы на вавёрку.
— Гэта і ёсць тыя клёны, Ігар Раманавіч, — сказаў Лукашэвіч.
Потым аглядалі іх, раіліся. Прыйшлі да вываду, што шмат старых дрэў, што шмат пашкоджаных, і падлягаюць вырубцы.
— Нічога тут не падлягае,— уздыхнуў Міхалап.— Тут рэдкія звяры і птушкі водзяцца... у Чырвонай кнізе яны. Маць тваю, быў бы Карабкоў здаровы, не прывёў бы сюды...
— Што ты мітынгуеш, Міхалап,— супакойваў ляснічы, падышоўшы да лясніка,— то ўсё на паперы ў іх будзе, яны ж дысертацыі пішуць, а нам што з табой да гэтага? Жыць будуць твае звяры і птушкі. І вось што яшчэ, — Лукашэвіч пачаў гаварыць ужо цішэй, — просьба маленькая. Трэба схадзіць на доследны ўчастак навукова-даследчага інстытута. Там тры гады назад Валянцін пасадзіў ялюгу. То яго будучая дысертацыя, ён працаваў над гэтай тэмай, можна сказаць, яшчэ са школы — садзіў тыя елкі дзеля цікавасці. Паглядзім, як яны там, складзем паперку, падпішамся і за стол — Жамойда ўсіх запрашае.
Казімір усміхнуўся — начальства насы хмяліць будзе ў яго. Да Косціка ж ніхто не пойдзе, няма такой патрэбы. Ды і жонка ў яго неахайная, усё жыццё ў адной і той жа жакетцы, і ў хаце пастаянна стаіць пах паранай бульбы, якую Паліна штораніцы таўчэ для хатняй жыўнасці...
— У дваццаць трэцім квартале? Пайду. Чаму не падпісаць. Дослед ёсць дослед...
Ён праходзіў заўчора паўз той участак. Апошні буран павырываў з корнем маладыя елкі, пакуёўчыў кустарнікі. Што ж там такога цікавага яны ўбачаць?
Дома жонка сустрэла яго, як і заўсёды, маўкліва, абыякава, ён незадаволена зіркнуў на Паліну, з раздражненнем сказануў:
— Ды апранула б ты, жонка, што-небудзь людскае на сябе, глядзець нельга, як ты ў ашмоццях ходзіш.
— А што — людзі хіба прыйдуць?
Косцік крутануў галавой, сцяў зубы, працадзіў:
— Пры чым тут людзі? Я прыйшоў.
Паліна недаўменна паглядала на яго.
Косцік і сам не ведаў, чаму зазлаваў на жонку.
Тое, што сказаў пра вопратку, вырвалася невыпадкова — і самому раней кідалася ў вочы. Кідалася, ды не гаварыў, бо звыкся, не надаваў значэння — не ў святочным жа корпацца ёй каля свіней ды каровы.
Сказануў ад злосці. Бо накіпела. Не на яе, а на тых людзей, што замахваліся на Барсучыны хутар. Але ж не, то ён імі толькі прыкрываўся. Пякло душу і другое: баяўся, каб не ажыла Любі-трава ў яго памяці, штосьці часта пачала прыходзіць у сны. Хопіць з яго, колькі можна...
— Сяргей не вярнуўся?
— Не, не было. Казаў учора, што затрымаецца. Нейкая там у іх камісія.
«У мяне камісія, у яго камісія... Быццам мы ўсяму свету нешта вінаваты...»
На плячо ўскочыла Рыжуха, чакала ласунку. Косцік падаў ёй драбок цукру. Жыве вавёрка ў Міхалапаў не першы год. Прывыкла, ужылася з катамі і з Кляксай. Косцік у якім бы настроі ні прыходзіў дадому, заўсёды ласкава пагаворыць з Рыжухай — не любіла, калі ў хаце сварыліся.