Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 161

Анатоль Бароўскі

Вядро з глухім гулам апусцілася ў бетонную трубу. Калаўрот круціўся лёгка, са скрыпам.

Дадому ўжо Лоша бегла паперадзе, як паказвала дарогу.

Косцік Міхалап

За акном аўтобуса мільгацяць дрэвы і кусты.

Міхалап сядзеў на апошнім месцы каля акна. Жонцы, што паехаў у райцэнтр, нічога не сказаў. У яе адна песня — пачне звягаць сваё, што не яго гэта клопат, што не ў сваё нос суне. Па-свойму яна мо і правільна гаворыць, але ж чаму тады баліць сэрца, не перастае, разрываецца ад несправядлівасці. Але ён ужо больш цярпець не можа.

Спрадвеку на палях ніхто не бачыў зараснікі лебяды і асакі. Тым больш скрыпеня, або, як яшчэ кажуць, іванчая. У лесе ён расце, на выжарынах. Дзяўчаты збіралі яго разам з кветкамі. Раней палі былі шэрымі, як і належала ім быць. Цяпер жа яны нурпурна-ружовыя і белыя — спрэс расце скрыпень, пушыстыя мяцёлачкі гайдаюцца пад ветрам.

Увесну працаваў на полі хіматрад.

— Што вы тут, хлопцы, робіце? — спытаў Косцік у хімікаў.

— Амаладжваем зямлю, — адказалі. — Мы з гэтага поля цацку зробім. Цуд будзе, а не зямля.

Потым ён знайшоў непадалёк ад поля двух зайцаў і тры курапаткі — усе нежывыя. Цецерукі патруціліся — ляжалі ў сасонніку.

Міхалап напісаў у раённую кантору па ахове прыроды пісьмо. Расказаў пра шкоду, прасіў разабрацца. Ні гуку ў адказ.

Скрыпень дык стаў гаспадаром на полі. На Бобрыку пасадзілі лён. І папёр нечакана драсён, гарчаком яго яшчэ завуць. Зноў жа — хлопцы прыехалі з хіматрада, ніхто не ведаў і калі. Дык жа зноўку так пастараліся, так «захімічылі», што спалілі той драсён да каліва. А разам з ім і лён. Толькі аж праз два месяцы атрымаў Косцік адказ. Паведамлялі яму, што хімікі нечага перабаршчылі ў гербіцыдзе, таму і такая накладка атрымалася са звярамі. Супакоілі, што вінаватыя будуць пакараны. Але хто быў у той справе вінаваты і як пакаралі, не паведамілі. Згубленага ўжо не вернеш, зайцоў і цецерукоў не ажывіш...

Аўтобус падкінула на караняцы, і думкі яго рассыпаліся, як гарох па падлозе. Людзей у аўтобусе ехала няшмат — палавіна мест пуставала.

Аўтобус потым будзе паварочваць на Зімовую Буду, праз якую ляжыць дарога. Там і сельскі Савет, і сярэдняя школа, куды хадзілі Сяргейка і Галя, куды будзе хадзіць і Стась. Кепска было Сяргею. Аўтобус тады яшчэ не хадзіў па гэтым маршруце, і ён штодня пешадраліў — у любое надвор'е. А вунь цяпер адны амаль вучні і едуць, маўкліва, быццам дарослы народ. Дзяўчаткі непрыкметна страляюць вачыма па хлопцах, а яны не заўважаюць гэтага, перагаворваюцца між сабой напаўголаса, з годнасцю.

Усё з Сяргейкам было добра — намеціў, куды паступаць будзе, з лесам сваю дарогу звяжа... А потым нечакана падаўся ў механізатары. Чаго — і сам не ведаў. Спытаў аднойчы, дык Сяргей адказаў няўцямна: «А, так атрымалася, бацька... Мо і шкадаваць потым буду, што не паслухаўся цябе, але так трэба...» Са службы пра тое не пісаў. Значыць, зразумеў Косцік, механізатарства ў ім перамагло. Хаця ніколі, як помніцца, да тэхнікі яго не цягнула, і ў руках ён трымаў адну толькі бензапілу, калі яе можна было пазваць тэхнікай.