Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 160
Анатоль Бароўскі
Ён выняў з кішэні жменьку лузапцоў і паклаў на стол. Вавёрка іх хуценька перацягала на печ, у схованку.
Косцік выйшаў у двор.
У душы спакваля параджалася радасць — ціхая і павольная. Ён шукаў занятак, каб не маркоціцца. Узяў вёдры, выліў ваду ў карыта і падаўся да калодзежа. Ззаду затупацела, кульгаючы, светла-бурае ласянё. Спынілася, у вочы глядзела.
Лоша ў Косцікавай гаспадарцы з вясны. Выратаваў ён яе ад ваўкоў, калі вяртаўся з абходу. Гнаў яе мацёры да прымёрзлага ўзбалотка, аддзяліўшы старую ласіху — за той пагнаўся пераярак. Трапны стрэл паклаў ваўка побач з ласянём.
А потым не ведаў, што рабіць з Лошай — адпусціць у лес, дык для ваўкоў спажыва будзе: нага так і не загаілася — парваліся сухажыліны. Лукашэвіч раіў здаць у лясніцтва, каб на дзяржаўных кармах жыла. Косцік не згадзіўся, сказаў, што і на сваіх кармах дагледзіць...
Здаралася, што Лоша пакідала двор і бадзялася па Спрымачове. Шукала нейкі запятак, і ўсе ведалі, што гэта за госця. Але гуляла толькі з малымі, дарослых да сябе не падпускала і з рукі нічога не брала.
Даўно збіраўся Косцік выкапаць калодзеж каля сваёй хаты. Адкладваў і не сабраўся. Калодзеж быў праз пяць хат — насупраць Мікіты Ладуцькі.
Старога ў двары не было. Мо сышоў куды, а мо закрыўся ды чаруе над сваёй глінай. У такія хвіліны да дзеда не патыкайся, бо абмацюгае на чым свет стаіць.
Дачуўся неяк гомельскі журналіст, што стары вырабляе з гліны смешных чалавечкаў і звяркоў, да яго прыехаў. Гулялі дзедавы смяшлівыя дзяды і бабы па краіне і не ведалі, хто іх вырабляў. Гамяльчанін пра яго дзівацтвы не ведаў і на той час нікога на вуліцы не сустрэў — не пусцілі б яго. Мікіта сядзеў перапэцканы ў гліне — акурат размешваў яе, даводзіў да патрэбнай гушчыні, і ў гэтым талент павінен быць, — рот ад здзіўлення раскрыў і ніяк не мог закрыць. Гэта ж трэба — няпрошаны госць у яго.
— Я — Пятро Брагінскі, з абласной газеты, — растлумачыў сваё з'яўленне гамяльчанін.
— А хоць і мазырскі, хоць і чарнігаўскі! — гэпнуў вобземлю камякі гліні.і Ладуцька, злосна крутануў вачыма, затрос барадой, і зычны голас паляцеў усцяж вуліцы: — Калюх-калюха, на два бокі і ўсторч... Ядры тваю качалку, які чорт прыпёр цябе сюды? — Дзед крычаў так, быццам госць наступіў і раздушыў самае дарагое, самае рэдкае...
Спачатку журналіст не зразумеў, чаго ўзлаваўся стары, пад ногі глянуў. Перапытаў для перакананасці, што ён такое зрабіў, чым угнявіў. Але ў адказ пачуў такія салёныя словы, што анямеў напачатку ды задам, задам — і пасунуўся да выхаду, даў лататы. А дзед наўздагон гнуў мацюкі, таптаў у ярасці сапсаваную гліну, крычаў услед, каб таго і нагі ў яго двары не было...
Калодзеж выкапаў не дзед. Калі ў сельсавеце паўстала пытанне аб яго збудаванні, то спачатку доўга рашалі, думалі, дзе яго капаць. «А вы каля мяне капайце», — падказаў ён праўленцам. «А чаму каля вас, дзед Мікіта?» — пацікавіліся прадстаўнікі ўлады. «А таму, што я пасярэдзіне вуліцы жыву — крайнім будзе аднолькава да мяне хадзіць».