Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 158
Анатоль Бароўскі
Наступная машына прыехала забіраць драўніну для каўбаснага цэха. Лукашэвіч яшчэ звечара зафрахтаваў грузавую машыну для райспажыўсаюза.
«Запахла каўбасамі, — падумаў Міхалап, праводзячы поглядам машыну — таксама ў той бок пайшла, следам за «КрАЗам». — Свайго Лукашэвіч не ўпусціць...»
Але як бы яно ні было, драўніну трэба было вывозіць, і як найхутчэй. Бо шмат яе застаецца пасля кожнай зімы — потым пачынаюцца адлігі, і машыны туды не праб'юцца. А драўніна гніла, псавалася. Сотнямі кубаметраў. І так штогод...
На палянцы стаяла некалькі грузавікоў. Пад'язджалі і яшчэ.
Дзень абяцаў быць вясёленькім.
Косцік ступіў насустрач вадзіцелям, як загадаў:
— Давайце вашы паперы!..
Жамойда ідзе паперадзе. Задаволена пасміхваецца, нешта тлумачыць сыну. Пасля звяртаецца да Рыгора Пятровіча, да гасцей, што прыехалі. Госці — члены камісіі з навукова-даследчага інстытута.
Рыгор Пятровіч сваё слова стрымаў. Жамойда нарыхтаваў футраў, павезлі з Лукашэвічам у Мінск. І на ўступных экзаменах Валянцін толькі падстаўляў экзаменацыйны ліст выкладчыкам — ставілі патрэбныя адзнакі.
Такім жа макарам уладкаваў яго пазней і ў НДІ лясной гаспадаркі.
Казімір Жамойда ў сваім нязменным галіфэ і кіцелі, у фуражцы.
— Ну, Канстанцін Мінавіч, паказвай тыя клёны, дзе тая дзялянка? — спыніўся Рыгор Пятровіч, атрос з пляча ігліцу і павучынне, фуражку зняў, правёў рукой па ўзмакрэлых валасах. — Як ты назваў яе — Барсучыны хутар? Харошая назва. Паэт ты, Міхалап...
Ці не першы раз назваў яго памочнік ляснічага па бацьку. Бо заўсёды звяртаўся, як і ўсе вяскоўцы, — Косцік. Коратка, і ўсё табе ясна. А тут, напэўна, перад начальствам было няёмка так называць свайго падначаленага.
— А навошта вам тыя клёны? Там жа Карабкоў казаў, што заказнік намечана зрабіць, ён так хацеў... — Косцік спалохаўся за Барсучыны хутар. Гэта ж была часцінка яго жыцця.
— Ды таварышы з інстытута цікавяцца. Ім для навуковай работы трэба, не хвалюйся. Мо якія захворванні з'явіліся, могуць нам даць рэкамендацыі... Я прасіў іх прыехаць.
— Няма ў іх захворванняў, няма. Сам бываю там штодня.
— А ўсё ж...
Па дарозе зафыркаў «газік», пад'ехаў да іх старшыня калгаса, выйшаў з машыны, падышоў. Перакінуліся словам, другім. Падганялі справы, хутка развітаўся.
Косцік папраставаў праз канаву, рухавенька пераскочыў яе — поўную вады, падаўся ў гушчарняк.
— Э, пастой, Косцік, — забыўшыся пра службовы этыкет, пагукаў Лукашэвіч Міхалапа, спыніўшыся каля канавы — не асмельваўся пераскочыць, — сам то нічога, а як госці?
Але ён як і не чуў, пайшоў напрамкі па лесе, даўшы зразумець, што ім прыйдзецца даганяць. Ішлі нядоўга, з паўгадзіны. Косцік ведаў, што не выкруціцца яму, паказаць прыйдзецца, і прывёў самай кароткай дарогай. Гэта быў той самы дваццаць шосты квартал. Самы дзіўны і патаемны, які Косцік аберагаў, таіў ад старонняга вока і вушэй. Некалі прызнаўся, расказаў Карабкову пра барсукоў, пра сваю віну перад імі... Ляснічы зразумеў яго, сказаў:
— Вось тут і зробім заказнік. І назавём яго так, як ты сказаў — Барсучыны хутар.
Не дайшоўшы да першага клёна, здалёк убачыў, як з дупла выскачыла Рыжуха. Яна сустракала яго кожны раз, як ён ішоў тутэйшай сцежкай. Цяпер жа яна не села на ніжнюю галіну, як рабіла кожны раз, а трывожна паскакала ў адваротны бок. Зіркала трывожна на людзей. Потым паляцела на іх, распушыўшы хвост, кінулася пад ногі, зноў на дрэва ўскочыла...