Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 156
Анатоль Бароўскі
— Перастань, Стась, не злуй яе, — папрасіў гаспадар, убачыўшы, што сын пераступіў мяжу між свавольствам і злосцю.
Бацька калупнуў ботам снег, і паказаўся ражок чырвонага пачка. Знайшліся і запалкі.
І тады ж аціхла Клякса. Быццам пачула загад маўчаць. Перастаў кідацца снегам і Стась, устаў, атросся, выбіў аб калена шапку. Стоячы, пазнімаў адзін за адным валёнкі, павыкідаў з іх снег.
Да яго падышла сучка, вінавата церлася аб нагу, як мірылася ўсё роўна.
— Ну і падліза, ох, якая падліза, — прамовіў ласкава, абдымаючы сучку, — прабач, я больш так не буду. Я не ведаў, што ты не любіш, калі кідаюць у цябе снегам. Мір, ну?
Яна завіляла хвастом, працяжна заскавытала, тыцкаючыся носам у калені.
— Ну, во, і памірыліся, — зазначыў Косцік, прыкурваючы, з задавальненнем зацягнуўся, пыхкнуў дымком.
Сучка рванула з месца, пабегла зноў па сваіх сцежках, перад гэтым пазначыўшы некалькі дрэў.
Выйшлі на прагалак, ярка асветлены сонцам. Ногі тапталі неруш. Прайшлі дубраву з высокімі старымі дубамі. Між іх летам, акрамя мяккай, шаўкавістай травы, нічога не расло — ні дрэўца, ні кусціка: пэўна, не любілі дубы такога суседства. Далей пачыналася нізовінка, а за ёй адразу і быў шлях, да якога і кіравалі бацька з сынам.
Дарогу ім перагарадзілі свежыя санныя сляды — на іх зрэдзь асыпалася снежная пацяруха.
— То Жменька сёння паехаў на балоты — яшчэ цёмначы выбраліся.
— Ну, цяпер маці накорміць сваіх кароў.
— Колькі ж ім галоднымі быць.
Яны прайшлі шляхам, потым збочылі ўлева. Пачаўся квартал бацькавага абходу, куды павінны былі прыехаць машыны па лес.
Косцік ніколі ў абход на машыне не ездзіў, хоць і запрашалі яго. Хіба ўжо надаралася нейкая няўпраўка ці пільная патрэба. І ў слоту, і ў завею адпраўляўся, як казаў ён, на «адзінаццатым нумары»...
Цяпер жа, калі падмерзла, калі лясныя і балотныя сцяжыны скаваў мароз, рушылі ў лясніцтва людзі — прыватнікі і з арганізацый горада, каб забраць дровы ці будаўнічы матэрыял. І Міхалап ведаў, што дзесьці цяпер у лясніцтве аж цэлая чарга ўтварылася з людзей і машын — усе хочуць хутчэй, усім няма калі, і тыцкаюць памочніку ляснічага на подпіс паперы. Косцік уяўляе, як Лукашэвіч, адмахваючыся ад людзей, трошкі заікаючыся, гаворыць усім: «Н-не ўсе адразу, таварышы, усім п-падпішу...» І ў гэты час абавязкова зазвоніць тэлефон, і нехта будзе прыставаць з нейкімі пытаннямі, а ён будзе адказваць звыклымі: «Ага, праз тыдзень пазваніце, тады можна...» А праз тыдзень ён зноў будзе гаварыць тое ж самае і ніколі не скажа праўды.
Карабкоў так не рабіў. Ён усе справы рашаў за паўгадзіны.
Паўз іх праносіліся грузавыя машыны і аўтобусы, абдаючы смярдзючым дымам — прадыхнуць нельга было. Косцік не пераносіў паху бензіну, тым больш дыму ад яго.
Стась абярнуўся:
— А дзе ж Клякса?
— Дагоніць...
Дзе перасякаліся лініі кварталаў, быў пастаўлены афарбаваны слупок. З чатырох бакоў лічбы кварталаў — іх пісаў некалі Сяргей. Тут і была доглядная высечка драўніны. Сюды прыязджалі бензапільшчыкі і рабочыя, валілі лес, крыжавалі яго. Потым складвалі ў метроўкі.