Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 124

Анатоль Бароўскі

— Кофту я ў цябе, Вікця, бачыла. Сама вышывала?

— Сама.

— Мо б дала які ўзор файны — сабе хачу зрабіць.

— Добра, зайдзі калі. Ці я забягу, прынясу.

— А ты куды з кашалём — на бульбу?

— Ага. За Бобрыкам капаць будзем.

— Дабрэнная там бульба. Мой Косцік прынёс паўкашаля, дранікі рабіла. Ну, я пайшла. Забавілася вельмі.

— І мяне чакаюць.

Вікця паскорыла крок, заспяшалася. У яе грудзях сядзеў нейкі маленькі звярок і паціху шкрабаў па сэрцы. Адчувала, як і кіпцюрыкі ўпіваліся глыбока і балюча. То была і зайздрасць, і крыўда.

Як падыходзіла ўжо да калгаснага двара, насустрач з кустоў вынырнуў дзед Мікіта. Аж напужаў ад нечаканасці. У яго за спіной, як і ў Вікці, быў кашэль. Стары спыніўся, страсянуў сівой барадой, абрадавана паглядзеў на жанчыну:

— Го, здароў, пані Альшанская!

— Добры дзень, дзед Мікіта! — павіталася вінавата.

— Чаму ж гэта мы даўно не бачыліся, калюх-калюха? Мо куды на курорт з'язджала ці ў санаторыю? — у вачах Ладуцькі свяціліся, як заўсёды, вясёлыя агеньчыкі, жартаваў.

— Нікуды і не з'язджала. Дома была.

— Дома? Хм... Дык жа на якой такой, калюх-калюха, вяроўчыне прывязаў цябе Жамойда, што і з хаты не выпускае на людзі? А так нельга, скажу табе, нельга без людзей.

— Ніхто мяне не прывязваў, дзед.

— А цяпер куды ідзеш?

— На бульбу з жанкамі еду.

— Правільна. На бацьку ты вельмі падобна. Да вайны мы з ім сябравалі. Цябе, маленькую, памятаю. Кудзеркі аж да пояса былі. І ты любіла іх расчэсваць.

З кашаля ў дзеда выглядвалі зялёнкі, імховікі — аж з коптурам. Паспеў, значыць, на ранкі збегаць за Адолькаў круг, пад Вятчынку. Цяпер іх будзе марынаваць, у бочку засольваць. І з капустай ён упраўляўся, і з гуркамі — на ўсе рукі Ладуцька майстар. Вікця вінаватая трошкі перад ім — магла б і праведаць, памагчы што ўпарадкаваць у хаце.

— А я і не помню, дзед Мікіта.

Стары засмяяўся, прыжмурыўся:

— То ж табе ўсяго годзікаў два было. Ведама, што не помніш. Зайшла б калі, праведала дзеда?

— Прыйду. Памагу што.

— Не трэба мне помач. І сам добра яшчэ ўпраўляюся. Так зайдзі, проста ў госці. Не на любошчы запрашаю, куды мне...

— Прыйду, дзядуля, — паабяцала жанчына.

Да іх падышоў Ладзік Жменька, кіўнуў ёй. З Мікітам за руку павітаўся, у кашэль зазірнуў:

— Белых ужо не густа?

— Е трохі — пад нізам. Як, Ладзік, дояцца кароўкі?

— А як жа, дзед. У Настазі карова запусцілася, чаму ў нас малако не бярэш?

Ладуцька задумліва пашкроб бараду:

— Твае даяркі вадой разбавяць, а ў мяне прыбіральня далёка ад хаты, калюх-калюха, прабачай, Вікторыя.

Ладзік зарагатаў, хітнуў галавой:

— З табой, дзед, не засумуеш.

Ладзік найбольш з Ладуцькам гаварыў, у яе бок не глядзеў, ён і не заўсёды вітаўся з ёю. Ад таго дня, калі ў лесе сустрэў іх вяселле, калі іграў ім кракавяк.

— Дык я найшоў, — Жменька крутануўся і пашыбаваў далей.

Вікця паглядзела ўслед Ладзіку, кашэль паправіла на плячы — у вачах ледзь прыкметны сум.