Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 125

Анатоль Бароўскі

Ладуцька спахапіўся, вінавата дакрануўся да локця:

— Затрымаў я цябе, выбачай.

Яна заспяшалася, трывожылася, каб не адстаць ад жанок. Здалёк убачыла, што на воз сядалі жанчыны, не дачакаўшыся яе, Вікці. Хіял махаў пугай на каня. Вікця подбегам рушыла да калгаснага двара.

Маланчыха, устаўшы, закрычала:

— Хутчэй, Вікця, бо ўцячом.

— Іду-уу! — махнула рукой жанчына.

Перад ёю, з-за хлява, выбегла Арэнка і гэтаксама спяшалася дагнаць фурманку.

Цяжкі, вельмі цяжкі быў у Косціка дзень.

Доўга валаводзіўся з адвядзеннем брызглінавай плантацыі — ад самага рання хадзілі з Карабковым, шукалі месца і рашылі адвесці яе ў Конікавым абходзе.

— Гутаперча патрэбна краіне, — гаварыў ляснічы. Ён быў чымсьці незадаволены, бровы сышліся на пераносіць!— Сталінскі загад — вырабляць найбольш гутаперчы... Арміі патрэбна гума...

Пасля абеду грузіў дровы на машыны, што прыязджалі з горада. Некалькі машын прыехала без грузчыкаў, і ляснічы папрасіў пасобіць. То Міхалап стаў і за грузчыка — накідаўся, напручкаўся, як дурань мыла наеўся, ледзьве прывалокся дадому...

Пад раніцу прысніўся яму барсук. Хацеў сказаць пра нешта, Міхалап прачнуўся.

Да яго слыху нечакана данеслася ледзь чутнае гудзенне машыны, ён чуйна вёў яе слыхам па ўзгорках і нізінах, вылічыў, што пад'язджае да Вятчынкі.

«Так і ёсць — едуць у мой абход. А ў мой лес больш ніякай дарогай і не прабярэшся. Яшчэ праз Спрымачоў. Але то калі да мяне заязджаць трэба, каб дакумент паказаць ці мяне ў лес забраць. А гэтыя тайна хочуць, маўчком...»

Ён пачаў спехам апранацца, баяўся пабудзіць у калысцы Сяргейку. Насунуў кірзачы, ухапіў з вешалкі фуфайку, стрэльбу. На вуліцы ўжо, на хаду, апрануўся, стрэльбу закінуў за плячо — руляй уніз. Спыніўся, паўслухоўваўся яшчэ раз, пастаяўшы трохі на ўзгорку.

«Спусціліся ў лагчыну. Дзесьці пад Бронькай ужо...»

Лес пачаўся адразу за агародамі, і Косцік нырнуў у яго цемру. Потым прызвычаіўся да цемнаты і бег ужо, як па полі, — нічога не замінала.

Стала задушна. Расшпіліў фуфайку, сарочку, але прахалоды не адчуў. Подбегам, трушком, кіраваў напрамкі па балоце, правальваючыся ў багну...

Зноў спыніўся, прыслухаўся: наваколле абзывалася слабым пошумам верхавін. І тут ён рашыў пайсці на хітрасць...

Выбег на бальшак, па якім праехала машына. Сляды былі свежыя і належалі магутнаму «ЗІСу».

«Так, паехалі ў Вятчынку, дзе карабельны лес...»

Ён прыбег да моста праз Лабасова — рэчка цягнулася ад вёскі. Адшукаў каля шуляка прыкапаны лом. Потым з другога боку — з таго, куды паехала машына, напруціўшыся, адсунуў дубовую маснічыну. Калі будаваў з Хіялам мост, ён наўмысне не замацаваў адно палена: яго можна было ссунуць. І калі будзе ехаць машына з крадзеным лесам, праваліцца — саслізне маснічына са стаяка.

Ён прабег трохі па дарозе, потым зноў нырнуў у лес — у густое кустоўе. Балюча шлёгала галлё, за ногі чапляўся калючы ажыннік і сухі верас, канчаліся, здавалася, сілы — даваў знаць аб сабе ўчарашні дзень. Але ён бег і бег напрамкі, баючыся, што позніцца...

І ўсё ж не вытрымаў такога тэмпу, спыніўся, прыхінуўся спіной да тоўстай асіны, упёрся ў яе галавой. Пакацілася пад ногі фуражка, і ён не заўважыў гэтага.