Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 123

Анатоль Бароўскі

Вікця пайшла да печы, выцягнула алюмініевы чыгунок.

— Галіцца будзеш?

— Буду.

Падкінула трэсак у жар, каб даварыць абед, што пакінула свякруха, — падалася на вёску. У гаршчэчку была бульба. Вікця ўсё яшчэ не магла ніяк прынаравіцца да чужой печы, да вілачнікаў і Гаршкоў. У яе дома гэтулькі не было. Два чыгуны для парсюкоў, два для сябе. А тут і печы не хапала для ўсяго, рыхтавалася, як на некалькі сем'яў. Жамойда еў за траіх — толькі падстаўляй. Вікця ў першыя дні падумала, што ёй прыйдзецца гатаваць і гатаваць.

Казімір падвастрыў на дзязе брытву, накалаціў пены ў мыльніцы.

— Сёння Марфа Чыканова паклікала да сябе бабку Настазю. Дык і я падумаў, ці скора нас такое чакае?

Вікця не адрывалася ад чырвонага полымя ў печы.

— Чакай. Мо і дачакаешся.

Ён пагаліўся, выйшаў у двор і памыўся. Потым доўга выціраўся ручніком.

Як збіраліся сесці за стол, у дзверы нехта пастукаў. На парозе стаяў Янік — ён падмяняў калгаснага брыгадзіра Зюніка Кашаеда. Быў у фуфайцы, у зашмальцаваных штанах, у старых кірзачах. Твар зблажэлы, востры кадык. На Жамойду не глядзеў, вінавата загаварыў да Вікці:

— Я, гэта самае, ці не магла б ты сёння на работу выйсці. Як здаровая, канечне.

Ён зіркануў мельгам на стол, дзе шыпела патэльня з салам — па хаце разносіўся смачны дух. Янік пракаўтнуў згаладала сліну, ведаў, што тут яму нічога не перападзе, а хоць бы і запрасілі за стол, то ён бы ніколі не сеў. Так загадала маці, ды ён і сам праз людзей ведаў, што за чалавек Жамойда.

— За Бобрыкам пачалі капаць ужо. Жанкі збіраюцца на калгасным двары.

— Я пайду, Янік, — адразу згадзілася Вікця. — А то ж казалі, што ты на курсы шафёраў паехаў вучыцца.

— На тым тыдні паеду, як Зюнік вернецца.

Янік яшчэ трошкі патаптаўся ў парозе, узяўся за клямку:

— То не спазняйся. Жанкі чакаюць.

Ён прычыніў за сабою ў сенцах дзверы і пашыбаваў да веснічак. Вікця праз акно бачыла, як ён шырока размахваў рукамі і яны даставалі як не да калень, як калывалася яго галава з шапкай-аблавушкай, хаця на вуліцы снегам і не пахла. Падумала: «Мо трэба было запрасіць хлопца за стол ці хаця б скварку з хлебам усунуць у кішэню — дома скразнякі па місках гуляюць».

— Сваёй работы дома хапае, — буркнуў Жамойда, узяўшы кавалак хлеба, — а яна ў калгас прэцца.

— Параблю яшчэ тваю работу.

— Нашую работу. Нашую. Праз тыдзень сваю бульбу пачнём капаць. Людзей наймаць трэба — адна не выкапаеш.

— Чаму не выкапаю? Выкапаю. Я ж двухжыльная.

Вікця перакусіла на скорую руку, з сабой узяла хлеба і сала. Прайшла вуліцай, потым на сцежку звярнула — і да калгаснага двара рукой падаць. Цэлы дзень з жанкамі, нагаворыцца ўдосталь. У хаце абрыдла сядзець, мутарна. Як у клетцы якой жыве...

Насустрач крочыла Паліна. Вікця разгубілася, сцішыла хаду.

— Дзень добры! — павіталася першай, параўнялася.

— Добры дзень! А я здалёк і не пазнала цябе. Багатай будзеш.

Вікця заўважыла, што ў Паліны выпірае жывот, заўсміхалася:

— Ты ўжо багатая. Скора ўжэ?

— Ага. Пасля акцябарскіх...

Паліна вельмі змянілася. Твар увесь у рабацінні, але яно толькі маладзіла жанчыну, тоўстыя і налітыя крамянасцю губы. У вачах з'явілася жаноцкая спакойнасць і перакананасць. Ад яе зыходзіла дамашняя цеплыня і ціхае шчасце будучай маці.