Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 126

Анатоль Бароўскі

Неба ўсё яшчэ было зацягнута шэрымі воблакамі.

Над галавой праляцела нябачная птушка, залапатала гучна крыламі. Косцік выцер рукавом твар, узяў з зямлі фуражку і рушыў далей: спяшаўся ратаваць стромкія насенныя сосны...

Ён прыбег у сорак пяты квартал свайго абходу. У ім раслі роўныя і высокія дубы. У ногі ўблыталася папараць, і ён старчмя паляцеў на зямлю. Упаў і не захацеў падымацца — не было сілы, аддыхваўся.

Халодная зямля адбірала стому. І тут жа да слыху зноў данеслася гудзенне машыны, той самай, якая чулася і ў вёсцы, якая была побач, зусім побач...

Ляжаў усяго некалькі хвілін, але і за гэты час здалося, што ляжаў вечнасць і папракнуў сябе за ляноту. Прымусіў падняцца сябе, прагнаць млявасць.

Ён прабег бярозавы гай, сасоннік, і наперадзе нечакана бліснулі машынныя фары, і ён закрыўся локцем.

Пачуліся ўзбуджаныя галасы і шахканне пілы.

— Ды пашавельвайся... тваю маць, спаць сюды прыехаў?! — чуўся нечы грубы і нізкі голас.

— Ды піла тупая, што я зраблю.

— А хто казаў, каб пілы загадзя рыхтавалі?

— Іцко такія падсунуў.

— А ты куды глядзеў, падла...

Незадаволены той жа голас глуха папярэдзіў:

— Асцярожна там!

— Бачым, не бойся, — адказаў другі, злуючыся, — толькі цішэй рукавіцу разяўляй...

Міхалап вызначыў: было чалавек пяць-шэсць, не болей. Іх, пэўна, падганяў час, бо вунь хутка раніца, а работа ішла марудна. Затоена мацюкаліся, спрачаліся, падганялі адзін аднаго...

— Здарова былі, мужычкі! — вясёла павітаўся ляснік, стаўшы неўздалёк ад іх. — Бог у помач, як кажуць.

Яны збянтэжыліся, перакінуліся позіркамі. Маўкліва раіліся, што рабіць. Высокі, што стаяў бліжэй да лесніка, зняў з галавы стары, злямчаны і дзіравы капялюш, выцер ім змакрэлы твар.

— Памажы, як ёсць сіла, бо запарыліся мы сваёй брыгадай, — прамовіў дружалюбна адзін з іх.

Той, што стаяў каля машыны — у брызентавым плашчы, у гумовых ботах, нахмураны і абыякавы, — выцягнуў з кішэні гімнасцёркі паперы і панёс іх лесніку. Ён злёгку накульгваў на левую нагу.

— Вось дакументы, у нас спецзаказ, — падаў дакументы і стаў побач. — Выпісалі летам, але толькі цяпер далі машыну.

Косцік чытаў паперы, дзівіўся, як яны правільна былі аформлены, але ён ведаў, што дваццаць — трыццаць гадоў гэты лес не кране піла... Той жа сталінскі НЗ.

— З дакументамі ў вас парадак, — аддаў назад паперкі Міхалап. — Але мы павінны паехаць да ляснічага. Каб падпісаў выдачу. Такі парадак. Бо вас і міліцыя спыніць па дарозе.

— Сам падпішы, — падышоў кульгавы, высмаркаўся, прыставіўшы тоўсты палец да носа. — Там жа напісана — спецзаказ. Абарону мацаваць трэба — усё для арміі. Падпішы — і дзела з канцом.

Косцік усё зразумеў.

— Давай паявоім мійна і ціха, — падышоў да яго зноў кульгавы — хітра блішчэлі ў яго вочы. Ён картавіў, таму сказаў «паявоім», Міхалап ледзьве разабраў, што сказаў. — Гэта табе... — Ён выняў з афіцэрскай сумкі некалькі пачак грошай. — Бяі, не саёмся, што табе некалькі тых дзеявін — былі і няма, а з г'яшамі будзеш...

«Дзе і калі я бачыў яго — голас надта знаёмы».