Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 115

Анатоль Бароўскі

— Кепскі ты, Жменька, чалавек, калі думаеш, што Чыкай толькі і думае, каб горла прамачыць. Гідкі ты, аднак, чалавек, скажу я табе чэсна. А ў мяне, братка, прызнаюся табе, ногі свярбяць, м-ммм... А ведаеш чаго?

Не здагадваешся? Яны ж танцаваць хочуць. А ты гармонік схаваў, толькі і ведаеш, што гарэлку жлукціць.

— Я — жлукціць?

— Мг...

— А і праўда, хлопчыкі, пайгралі б, — папрасіла Настазя, заўсміхалася.

— Я да Берліна дайшоў — ногу пацяраў...

Усе спяшаліся на выган, да Ладзіка, дзе ўсаджваліся музыкі, дзе хутка ў імпэтнай польцы закружацца першыя танцоры.

Макар убаку ад усіх спрабаваў танцаваць на адной назе, зацягваў сваё «Я да Берліна дайшоў...», а потым хрыпла выдыхаў: «Э-эх!», махаў адчайна рукой і сыходзіў убок. Да вайны ён быў першы танцор. Цяпер балюча было, што не мог пайсці ў круг.

Тут неўзабаве і Маланчыха прыляцела, у натоўп нырнула, замахала пад галавой шаўковай насоўкай:

— І-іх.. І-іх! Эх, іх!..

— Ці багатай будзеш, Юзя? Колькі там у кашары?

— Не скажу. Усе нашы. Не падвяла рабая. І-эх!..

— Ну то танцуй, радасць у цябе.

— А як жа... І табе, Арэнка, адно дару.

— Дзякуй табе, Юзя. Я адраблю...

Чыкан выціраў слёзы кулаком, спрабаваў крутнуцца. Не выходзіла — падаў. Узяў лішку.

І тут да танцуючых прыплёўся дзядзька ў хромавіках і дыяганалевым галіфэ — завялікіх для яго. Ладзік пазнаў свата. Ён убіўся ў грамаду, як таўкач,— замінаў, перашкаджаў танцаваць. Чыкан параіў яму, каб не таптаўся пад нагамі, але ён адпіхнуў яго.

— Грай весялей, а то гармонікам барабан парэжу! — крыкнуў ён няведама каму.

Ладзік успрыняў гэта ў свой адрас, але змоўчаў, ці мала што магло ўчаўпціся п'янаму, глядзеў на Ерамея, на Міхала, сыну міргануў: «Давай, Ленчык, давай! Добра барабаніш, малайчына!»

Але Жамойдаў сват не сунімаўся. Невядома чаго і якім ветрам занесла яго на выган. Бо і вяселле было далекавата. Пэўна, упадабаў ён музыку на чужым вяселлі. За ім прыйшлі Жамойдавы вясельныя, паклікалі. Ён і іх «паслаў». Тады яны махнулі рукой, пабралі жанчын і пайшлі ў круг.

— У вас весялей! — адобрылі музыкаў.

— Грай, а не — грошы аддай! — вякнуў зноў «таўкач».

Ну, то была ўжо абраза няйначай. І Ладзік такога сцярпець не змог. Ён рыпнуў гармонікам, папляваў на далоні і падышоў да свата.

— Кажаш, грошы аддай? А ты мне іх даваў, удод ванючы, даваў? — Жменька аберуч сціснуў яму каўнер, здушыў за горла, і сват стаў чырвоны бы рак. Махаў толькі бы коршак рукамі. — Грошы яму, бачыце, аддай... Я так аддам, што і моташна стане. Вон адсюль!..

Ладзік на гэтым хацеў і скончыць спрэчку, бойку наладжваць не збіраўся — вяселле ўсё ж у сябра.

— Ты што гэта нашага свата чапаеш? — падскочыў адзін з іх, успацелы, нахмураны, свідраваў вачыма — страшачы, ці што.

— Я і цябе не зваў сюды, і яго.

Мужчына размахнуўся, але падскочыў Міхал і крутануў яму руку за спіну — той аж войкнуў.

— Нашых б'юць! — крыкнуў громка пакрыўджаны, сілячыся вырвацца з рук Міхала.

На голас прыбег расхрыстаны дзяцюк, кінуў вокам, ацаніў абстаноўку і ў бойку рашыў не ўстраваць — прыгнуўшыся, даў лататы.

— Во табе і гармонік, і грошы, і бубен! — кулачыў Ладзік свата — у таго з носа пырснула кроў.