Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 113

Анатоль Бароўскі

— Табе толькі б выпіць, табе абы прычына, — не ўстрымалася Марфа, падцяла вусны — сама не піла, бо хадзіла дзіцём, адставіла ад Чыкана чарку, адвярнулася, каб і не спрачацца з ім.

— Ты мне, жонка, не пярэч, ты ж мяне хутка, гэта самае, і пашлеш, каб бабку да цябе прывёў, каб памагла разрадзіцца. І я пачыкільгаю як міленькі, бо да раённай бальніцы далёка, а тут усё табе пад рукамі. І таму мне ніхто не забароніць выпіць, вось так... Так што давай, баба Настазя!..

Чыкан, падобна было, быў на добрым падпітку. З гэтай нагоды ён заўсёды шукаў, каб выпіць яшчэ. Бабка ведала пра тое, як ведала, што не адвяжацца ён ад яе, таму ўзяла шклянку, якую напоўніў Макар, і паднесла да губ. Толькі памачыла. Але ён і гэтаму быў рады — сваю тады апаражніў адным махам, як за каўнер выліўшы. Выпіў, і тут жа зморшчыўся, як быццам праглынуў не тое, чаго так дамагаўся, а нешта іншае, надта кіслае і неператраўнае, і тут жа нечакана на ўсю моц, устаўшы, крыкнуў:

— Ты што гэта, таварыш Міхалап, гэта самае... Ты чым, тваю качалку, гасцей поіш, га? Ты што гэта падсунуў — яе ж піць нельга. — Ён захістаў спатнелай галавой, паглядзеў на Паліну, якая недаўменна раскрыла вочы, выцер твар і крыкнуў яшчэ мацней: — Гарэлка, людцы, горкая! Горка!

Голас у яго хрыплы, сіплаваты — у вайну параніла горла.

— Горка! — падхапілі ўсе і паглядзелі на маладых.

Паліна ўстала, павярнулася да Косціка, зажмурыла вочы — хавалася ад людзей. Ён дакрануўся да яе вуснаў і доўга не адпускаў — аж пакуль крычалі за сталамі.

— Бач, навучыліся, — зазначыў Макар, сеўшы.

— Гэтаму, Чыкан, не вучаць, яно само налучаецца.

А гамана мацнела, шырылася, рабілася падобнай на бурлівую раку, якой былі замалыя вясновыя берагі і якая прагне прасторы і волі.

Потым людзі разбіліся на купкі. Дзед Ерамей з Ладуцькам зачапілі сваё. Чыкан падсеў да Ладзіка і пачаў баяць пра нямецкі горад Берлін, як ваяваў на яго вуліцах. Паўло Шкварка ўвесь час маўчаў, згодна ківаў галавой — яму нешта расказваў Міхал Клімаш. Рагаталі з нечага Васіль Макравец з братамі Карнеем і Гаўрылам. Дзяўчаты з хлопцаў пакеплівалі. Жанчыны спаважна і заклапочана гаварылі пра сваё, а потым заспявалі.

Арэнка моўчкі сядзела збоч, за бабкай Настазяй, не супыняючыся, ела ўсё, што стаяла побач. І ў хустачку потым набрала — дзецям.

Калі ж Ладзік славіўся на Спрымачоў гарманістам, то браты Макраўцы былі адметныя спевакі і танцоры. Заспяваюць — душа забаліць, зойдзецца ў шчымлівым плачы, усяго працяне, і зэбудзешся прэ ўсё — дзе ты і што ты...

— Унучкі, заспявайце, — павярнулася да іх Настазя, зморшчынкі на твары разгладзіліся, і так умольна глядзіць, што не адмовіш, пакрыўдзіш толькі.

— Аўжэ ж, хлопчыкі, што за вяселле без песні, — следам за бабкай прамовіла і цётка Юзя — твар у яе расчырванелы, рухава круціцца — туды-сюды, за ўсім сочыць, усё бачыць, прыкмячае.

Братоў доўга ўгаворваць не трэба было — не ламаліся надта, не качарыжыліся. Найперш пачынаў Васіль — зажмурваў вочы і зацягваў ціхенька так, ледзь чутна, а потым голас пакрысе мацнеў, набіраў сілу, і тут падхоплівалі ўжо браты. І ўжо магутным басам цягнулася трыо — доўга, як дыхання хапала. А потым галасы раздзяляліся. Гаўрыла — тоненька, высока, а Карней браў дзесьці пасярэдзіне. Васіль жа дробненька, як дзяўчына, у вянок уплятаў голас нейкай дзівоснай птушкі...