Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 114

Анатоль Бароўскі

Ніхто тэк не спяваў у Спрымачове. І ніхто потым не чуў такіх спеваў і спевакоў.

Браты спявалі ўкраінскія народныя і беларускія песні, найбольш мясцовыя, пачутыя ад Настазі.

А потым браты танцавалі. Ото было тады ўжо работы музыкам, да сёмага поту працавалі.

— Грай, Ладзік! — крычаў першы Васіль і падскокваў вышэй самога сябе і, крутануўшыся ў паветры, падаў на правае калена.

Браты застылі, стоячы, рукі да яго выдаўжылі.

Жменька ведаў, што для іх іграць — «цыганачку».

І што тут рабілася!

— А-аах! Э-ээх! — чуваць адрывістыя воклічы, а гармонік, здаецца, выскачыць з Ладзікавых рук.

Тэмп між тым паскараўся, ногі танцораў хадзілі шпарчэй і шпарчэй — хто каго? Захліпвалася дудачка, плакала скрыпка, рагатаў-блазнаваў гармонік...

Зняможваліся музыкі, абліваліся потам. Браты былі жылістыя, моцныя — дрывасекі. Танцаваць маглі хоць да раніцы і хоць бы што.

— Ха! — выгукнуў Васіль і стаў зноў на калена.

Следам аціхлі і браты.

І міжволі людзі запляскалі ў далоні. Не кожны дзень убачыш такое.

Карабкоў толькі галавой хітаў:

— На сталічную сцэну толькі. Віртуозы!

Макраўцы разам з вайны прыйшлі, у кожнага па ордэну на грудзях. Жывыя вярнуліся, без драпінкі на целе. Ды ў жывых не засталі бацькоў — забілі фашысты на самым пачатку вайны.

Аддыхваліся хлопцы, твар выціраючы. Людзі хвалілі іх талент. А ў дзяўчат сэрца ёкала ў грудзях, калі адзін з іх зірне — відныя, прыгожыя, працавітыя. Любая ў жонкі пайшла б!

— Цікава, а які там прыплод у Маланчыхі? — шмаргануў носам Чыкай, пратэз на назе паправіў. — Радуецца, пэўна.

— Аўжэ ж, глядзіш, такі-сякі і прыбытак — нішчымніца ўелася ў пячонкі, — згадзіўся памяркоўна Ладуцька, набіваючы піпку табакай.

— Прыелася, ліха яе, запомніцца...

— Давай яшчэ па грамчыку, Ладзік.

— Не налівай поўную, досыць, — адняў бутэльку Жменька, — у мяне работа.

— Хто колькі хоча, — кіўнуў галавой Чыкан, адпіў сваёй палову. — Я да Берліна дайшоў, ногу пацяраў, — зацягнуў хрыплавата Чыкай і раптоўна замоўк, апусціў галаву — у яго горле нешта забулькала: не то гарэлка выбіла слязу і жаласць да самога сябе, не то папярхнуўся.

Заўсёды, калі ён быў на добрым падпітку, на язык прасілася гэтая песня. То і не песня зусім, адзін сказ, але ён спяваў яго, як песню. Пачынаў нечакана і гэтак жа змаўкаў, быццам і не ён падаваў голас. Адна толькі Марфа ведала, што яго мучыла гэтак нага, часта балела, так нясцерпна, што ён месца не знаходзіў. І націранне рабілі яму, і Настазя мазямі і зёлкамі лячыла — і ніякага паляпшэння не было.

Пад самым Берлінам, на подступах да яго, цяжка параніла байца Макара Чыкана. Заданне выканаў, але доўга пасля валяўся ў шпіталях.

— Ладзік, а Ладзік, — зноў прыставаў Чыкай да Жменькі.

— Што, Макар, спяваць хочацца? Ці выпіць?