Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 116

Анатоль Бароўскі

Падбеглі Косцік і дзед Ерамей, расцягнулі іх, пачалі супакойваць Жменьку. Аднекуль прыбеглі яшчэ жамойдаўцы, убачылі акрываўленага свата. Яны вырвалі па калу з Ладзікавага плота і рушылі на дапамогу.

Закрычалі жанчыны, разбегліся, хто куды.

— Хлопцы, раз так, то правучым іх? — Ладзік адчуў у сабе хмельны азарт, заўсміхаўся, рады быў, што прадставілася магчымасць павесяліцца — што за вяселле без чырвонай юшкі? — Правучым жамойдаўцаў!

— Давай!

Янік адарваў жэрдку, замахнуўся — і пасунуўся на няпрошаных гасцей.

«Таўкач» адразу працверазеў — заміргаў вачыма.

— Дай, хлопчыкі, ім, дай! Берлін ім у зад! — скакаў на адным месцы Чыкан. — Не рабей, разведка!

Сват, уцякаючы, ратуючыся ад злосці людзей, напаследак выцяў Чыкана дручком па галаве. Макар упаў і, размазваючы па твары пісягі поту і крыві, абураўся:

— Маць вашу... Інваліда біць? Смельчакі...

Ён падняўся, паспрабаваў дагнаць крыўдзіцеля, але тут жа зноў упаў. Да яго падбег Лёнік, узяў падпашкі, паспрабаваў падняць. Але не змог — не хапіла сілы. А Макар усё мацюкаўся, успамінаў Берлін, некаму гразіўся, глядзеў мокрымі ад слёз вачыма, як хлопцы гналі жамойдаўцаў па спрымачоўскай вуліцы.

Міхал заўважыў свата, які цішком сагнуўся і лучыў прашмыгнуць да азярца-калюжыны, каб непрыкметна ўцячы агародамі.

— Свата лавіце! — крыкнуў, апярэдзіўшы, Ладзік і першы пабег да канавы. — Я яму «аддам грошы»!

«Таўкач» пачуў і таму доўга не раздумваючы, з разгону ўскочыў у касцюме ў ваду, пагробся рукамі да другога берага. З галавы зляцела фуражка, паплыла па вадзе, але ён не лавіў яе, баяўся, што дагоняць і надаюць за інваліда яшчэ большых кухталёў.

— Вось так, няхай паплавае, няхай дурнота з галавы выйдзе, — сказаў Міхал Ладзіку.

— Нырца дай, хай галава ахалонецца!

— Грошы яму аддай, хм... Хай Жамойда і аддасць, — не мог Жменька забыць абразы, шкадаваў, што вылузаўся той з яго рук.

Ды добра ведаў Ладзік, што не з-за свата пачалося ўсё і не з-за пугі — і яшчэ пісяг гарэў, — праз яго хацеў уджаліць Жамойду. Хоць чым-небудзь, хоць гэтай бойкай — няхай ведае, што ніхто са спрымачоўцаў не жадае быць у яго хаце і ніхто не зычыць ім шчасця. То ж дачакаецца і яна, Вікця, што ніхто і дзверы не адчыніць да яе. З-за Жамойды.

Не вырваць з сэрца вайну...

Хіба мог Косцік Міхалап выкрасліць са сваёй памяці тую раніцу?

У празрыстым небе плывуць павучкі-цянётнікі. А па зямлі ўжо сцелецца начны холад, адганяе цяплынь ад паплавоў, яны і штурхаюць у неба павучынне — усё вышай і вышай.

Косцік пазірае на яго, жмурыцца ад чырвонага сонца, яно не слепіць, а лашчыць твар. Аблачын збіраецца ўсё больш і больш — як хто зганяў іх у гурт. Яны плылі некуды за Спрымачоў — за Княжына, і губляліся там у ранішняй смузе.

Дні стаяць цёплыя, сухія, хаця даўно ўжо мінула бабіна лета.

Ён ляжыць на сцірце, укрыўшыся світкай і сенам, і яно, разварушанае, пахне выразна і прыемна.

Сцірта не з сена, а з саломы. То Косцік прынёс ад стажка, што на ўзболатку, абярэмак сена. Не цяпер, летам яшчэ, як аднойчы хаваўся тут, як ведаў, што яшчэ прыйдзе сюды. Тут самае зручнае месца і далекавата ад вёскі, і нікому ў галаву не прыйдзе, што тут чыясьці схованка.