Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 112

Анатоль Бароўскі

За час вайны больш палавіны яе спрымачоўскіх «унукаў» не вярнулася дадому. Кожная пахаванка, што прыносіла Анэля ў чыю-небудзь хату, болем пранізвала і бабульчына сэрца. Яна тады колькі дзён не размаўляла ні з кім, і ў яе блакітных вачах было столькі тугі і болю, што ніхто не асмельваўся чапіць яе неасцярожным словам ці суцяшэннем. Ведалі, што нічым не памогуць — людское гора яна перажывала, як сваё.

Бабку клікалі на ўсе вяселлі, што грымелі не толькі ў Спрымачове, а і ў Жахавічах, Ясянцы, Зялёным Імху... Да вайны яна хадзіла са старым Янам, а цяпер адна. Сядзе дзе-небудзь з краёчку — і не чуваць яе голасу. Гэта ўжо была нейкая замова, прадрачэнне — калі бабка пабудзе на вяселлі, то абавязкова наведаецца і пасля, але ўжо як павітуха...

І весялуха ж была бабка Настазя. Колькі песень ведала, колькі гісторый магла расказаць — і страшных, і вясёлых. Калі яна апавядала пра нешта, то твар увачавідкі мяняўся, набываў розныя адценні: рабіўся то пяшчотна-ласкавым, то сумным і гаротным — у залежнасці ад таго, пра што расказвала.

Асабліва любіла слухаць дзятва. У яе нешта было ад дзеда Луня — так звалі яшчэ Яна. Ад яго і навучылася, мусіць, расказваць.

А як любіла Настазя лазню! Пра тое можна наслухацца розных баек. Забярэцца на верхні палок, бярозавы венічак прыхопіць, размочаны ў цабэрку, уляжацца і просіць маладзейшых паддаць пары. Унізе, на падлозе, нельга трываць, хапае за грудзі, а старая, вохкаючы, умольвае: «Ну яшчэ, людочкі, от век не забуду вашае дабраты... Ото яшчэ адну, хаця б адненькую квартачку...

Жанчыны і дзяўчаты радыя былі б задаволіць бабульчыну просьбу, ды адна за адной вылятаюць у калідорчык, падаюць на халодную падлогу, аддыхваюцца, і здзіўкі бяруць з Настазі, не разумеюць, у чым яна знаходзіць задавальненне і асалоду. Мо з паўгадзіны не пакідае яна палок. Жанчыны ўжо і непакоіцца пачынаюць, прачыняць дзверы і пытаюцца, ці жывая хоць, а бабка незадаволена як не крычыць на іх: «Дух не выпускайце, я хуценька...»

І шаптаць бабка ўмела. Ад пуду лячыла і ад болю ў жываце. Кожная маладая маці ведала — калі зойдзецца дзіця ў плачы без прычыны і суняць нічым нельга, то трэба да Настазі неадкладна бегчы, каб тая дала якой рады. Праз які час маці несла дадому соннае дзіця. Ведала бабка нейкую замову ад хваробы. Залаты чалавек была старая, знакамітая на ўсю акругу. Аніякай платы аніколі не брала з людзей за сваё шаптанне.

Але была ў спрымачоўскіх парадзіх такая завядзёнка — праз нейкі час да павітухі наведацца, прынесці свежага, гарачага яшчэ хлеба. І ў падарунак паркалю — у кветачкі. Любіла яна той паркаль. Ён быў для яе як напамінак. Любіла пахваліцца калі-нікалі: «Гэты — ад унучка Лёніка, а гэты — ад Ладзіка...»

А потым жа, калі хто з жанок абносіцца, што і спадніцы не было з чаго выкраіць, як во і Арэнка абнасілася тым летам, бабка туды свой дарунак несла. А на слёзы жанчыны ласкава гаварыла: «Шчаслівай будзеш у гэтай спадніцы, вось пабачыш».

Кожнай спрымачоўскай хаце зычыла бабка шчасця і добрай долі.

— А давай, Настасся Адольфаўна, з табой вып'ем,— падсеў да старой Чыкан, — за ўсіх тваіх дзяцей-унукаў, спавітых тваімі рукамі, вып'ем.