Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 111

Анатоль Бароўскі

Стала ціха-ціха. Маланчыха крутанула галавой, зноў забожкала, злева Ладуцьку ўбачыла. І жахнулася — зусім з галавы вылецела, што ён побач сядзеў. З твару змяніўся — пекануў, ведама ж, напамінак пра трагедыю ў Будзе. Ну што з бабы неразумнай возьмеш, спачатку языком, а пасля ўжо розумам.

— Ты чаго гэта замаркоціўся, дзед Мікіта, мо на каго засердзіўся? — зачапіла яна старога, лёгенька плячом таўханула, не ведала, як паддобрыцца да яго, віну выкупіць. — Насмяшыў усіх, аж жываты падарвалі, а цяпер скіс.

Стары як і не чуў, нават і не зірнуў у яе бок.

— На цябе ж і засердзіўся, сарока, бо круцішся надта, пасядзець спакойна не даеш...

Ёй карцела адказаць Ладуцьку, ужо і рот раскрыла, як за спіной у яе задыханая суседчына малая паведаміла, як выбухнула:

— Цётка Юзя, у вас у хляве свіння паросіцца.

Маланчыха нейкі момант маўчала з адкрытым ротам, да яе яшчэ не даходзіў сэнс сказанага, а пасля хапіла паветра, пракаўтнула яго, лакцянула пад бок Савося:

— Ну, чаго рассеўся? Дахаты трэба.

І першая трушком падалася да веснікаў. Следам, не адстаючы, нагінкам і паслухмяна перастаўляў цыбатыя ногі гаспадар, вінавата аглядваўся, нібы прабачэння прасіў за нечаканую адлучку.

— О, цяпер Маланчыха разбагацее, — зазначыў весела Чыкан, нанізваючы па відэлец гурок — закусваў. — Прыплод цяпер у Маланчыхі.

— І не кажы, — згадзіўся Ладзік, — бач, а ў гэтай справе бабе Настазі не давяраюць, самі рашылі справіцца.

— А я тамака і не ўмею. Віцінар на тое ёсцека...

Бабка адказала ціхенька, жарт не падтрымаўшы, белыя косы прыгладзіла, пад квяцістую хустачку пасмачку схавала. Даланёй правяла па сухім твары, абцерла вусны, каб і крышыначкі не было на іх — не хацела бабка на людзях паказацца неахайнай. Потым агледзелася, ці не замінае каму, і, уздыхнуўшы, паклала на вышыты фартушок натруджаныя за свой гаротны век рукі.

Было старой ужо за сто год. Суседкай і памочніцай была Ладуцьку.

Бабку ў вёсцы любілі і паважалі. І яна ўсіх любіла. Радавалася, як дзеці, якіх яна прымала як павітуха, раслі дужымі і здаровымі. Сваіх жа ўнукаў у бабкі не было.