Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 3
Miкола Гіль
Пятро таксама скіраваўся вуліцаю ўніз. Мінуў масток. Паціху дайшоў да Ямішча. Адсюль, з узгорка, зноў убачыў агеньчыкі — хлопцы былі ўжо далека, за балотам, пэўна, пад самымі Жырблевічамі. Ён настаяў на Ямішчы, пакурыў. Аб нечым зацята-няўцямна думаў...
Гэтак жа паволі, як ішоў сюды, вяртаўся i ў вёску. Мінуўшы масток, ён, аднак, не пайшоў вуліцаю дахаты, a завярнуў у вулачку, што ішла ўздоўж рэчкі. Мінуў лазню, пасля калгасную кузню, перайшоў па кладцы рачулку i спыпіўся перад хатаю дзядзькі Васіля. I, мусіць, толькі тут даўмеўся, што ўвесь гэты час думаў пра тое, каб зайсці сюды, што толькі дзеля гэтага выпіў дома i што дзеля гэтага адмовіўся ехаць разам з хлопцамі ў Жырбловічы...
Ён ведаў, што цяпер у хаце дзядзькі Васіля якраз будзе гасцяванне, што там якраз павінны сядзець за сталом, што заходзіць туды, можа, i не зусім ёмка, але — піхнуў ад сябе калітку.
«Што я скажу там? Як сустрэнуць мяне i дзядзька Васіль, i цётка Верка, i ён сам?..»
Пятро ўзышоў на ганак, бразнуў клямкай. З-пад хлява азваўся сабака. Хлопец аж уздрыгнуў, нібыта ад спалоху, адчуў, як пахаладзела ў яго між лапаткамі, а далоні сталі непрыемна ліпкімі...
У хаце сапраўды гасцявалі. За сталом сядзела чалавек пятнаццаць, але Пятро адразу ўбачыў яго — бацька сядзеў між дзядзькам Васілём i цёткай Веркай...
— Добры вечар у хату,— прамовіў Пятро, i ўласны голас падаўся яму нейкім чужым, занадта гучным.
Борздзенька падхапіўся з-за стала дзядзька Васіль — аж перакулілася, загрукатала па падлозе табурэтка.
— А-а, пля...— ен запнуўся, закашляўся, хуценька загаварыў: — А-а-а, Пеця-я-я...Ну, сядай, сядай з намі, раз, гэта самае, зайшоў, заглянуў, як кажуць... Сядай, сядай...
«Хацеў сказаць — «пляменнічак»,— падумаў Пятро,— як заўсёды, калі сустракаў мяне. Але не сказаў. Не рашыўся...» Ён ступіў крокі са два на хату, прамовіў:
— Не, дзядзька, дзякую. Я на хвілінку... Толькі... Нy, на бацьку зірнуць... Я...
Пятро ўбачыў, што бацькаў твар уздрыгануў, што па ім прабег цень нібы радасці, i хлопец ступіў яшчэ крок да стала, сказаў гучней i цвярдзей:
— Здароў, бацька!
Бацька не падняўся з-за стала. Ён толькі каўзануўся на крэсле, вусны яго тузануліся, вочы забегалі па суседзях — усе цяпер глядзелі на яго, а не на Пятра.
— Хто гэта? — нарэшце прагаварыў ён, павярнуўшыся да брата.
Той кінуўся да яго, схіліўся, зашаптаў:
— Супакойся, Ваня, супакойся... Гэта ж, тое самае, ты ж ведаеш, я ж табе казаў... Людзі кажуць... Вось хлопец, тое самае, i паверыў... Ты ж ведаеш, усе гаварылі... Як ты тады пайшоў, ты ж, гэта самае, ведаў ужо...
Пятро быццам не бачыў i не чуў нічога. Ён глядзеў на бацьку i не разумеў, чаму той маўчыць... I хлопец зноў паўтарыў:
— Дык здароў, бацька!
Бацька адарваў ад стала кулак (тут толькі Пятро заўважыў, што ў яго адна рука), тыцнуў сябе ў грудзі:
— Ты гэта, хлопец, да мяне?.. Да мяне? Выбачай, брат, ты памыляешся. Я не ведаю, хто твой бацька. Нешта ты блытаеш, брат...