Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 6
Miкола Гіль
Але Іван не вярнуўся. I плакала па ім Гілена, як па мужыку, як іншыя бабы-салдаткі плакалі, i чакала яго, як чакалі іншыя — тыя, што «пахаронак» не атрымалі...
I рада ж была, калі дачулася, што жывы Іван. Гэта тады, калі ён раптам прыслаў брату, Васілю, пісьмо...
Але мінуўся час, i стаў Іван не то жывы, не то мёртвы. Пайшла пагалоска, што лячыўся ён недзе за Масквою i там ажаніўся. Быццам узяў медсястру тую, што яго выходжвала. Балюча было тое чуць Гілене. Каб жа хоць сам пісьмо напісаў, сам пра ўсё расказаў, а то ўсё — з чужых вуснаў, з тых пісьмаў, што да Васіля прыходзілі. Хацела сама да Васіля пайсці, каб хоць дазнацца, ці праўда тое, што людзі гавораць. Здаецца, лягчэй было б, каб на свае вочы пісьмо пабачыла, бо, можа ж, так сабе, ад злосці ці чаго там яшчэ, людзі нагаворваюць, можа, дзе лечыцца Іван, i спадзявалася, што — быць таго не можа, каб не прыехаў... Ну, няхай на яе крыўду за што затаіў, няхай да другой спадніцы прыслепіўся, дык жа ведае, што сын расце, яго ж сын, а не чый-небудзь...
А гады тыя пасляваенныя, хоць i цяжкія, галодныя былі, a беглі. За работай i часу Гілена не заўважала. Бацька i матка на вачах састарэлі, аслабелі. Засталася ў хаце адна работніца, a ратоў — чатыры. I накармі ўсіх, i адзень. Кідалася Гілена — i на конях працавала, i коксагыз расціла, i на жняярцы сядзела. I ў гэтых турботах i клопатах нейк памаленьку, пакрысе, быццам само сабой, забывалася, астуджвалася ў душы i крыўда ранейшая, i боль. A калі i ўспамінала Івана, дык так сабе, без жалю: «Сілком не прыцягнеш... А так... Можа, яно i к лепшаму. Хто ведае, як яно б там было... Ды i не адна такая, вунь колькі баб адны, без мужыкоў, пекаюцца...»
Бацька i матка памерлі нейк у адзін год. Пецька тады ўжо ў другую групу бегаў. Раілі тады бабы Гілене прымака браць: i сыну бацька будзе («Можа ж i добры чалавек надарыцца»), i сама ж яшчэ не старая, сама ў сіле. Але яна нейк вагалася. Колькі разоў заходзіў да яе Сымон Жаўнер з Жырблевіч: у таго жонка памерла, трое дзяцей засталося. Ды не пайшла Гілена. I не таму, што дзяцей чужых баялася — спагадала ў душы Сымону, сірот яго шкадавала, але — не рашылася: «Мне ўжо гэты замуж i патрэбен надта! А сыну як там будзе, хто яго ведае. Ён жа не маленькі, разумее усё...»
Праўда, у другі раз ледзь ужо i зусім не выйшла Гілена замуж. Прыслалі ў ix калгас заатэхніка. Сталы чалавек, а без сям'і. Што там у яго здарылася, Гілена, папраўдзе, i не ведала толкам, не распытвала, хоць той заатэхнік i кватараваў у яе хаце. Добры чалавек быў. I па гаспадарцы паможа, з сынам i дроў напілуюць, i ceнa накосяць. Кватарант i хату Гілене адрамантаваў: атынкаваў звонку i знутры, страху перакрыў.
I аж спалохалася Гілена, калі адчула раптам, што не проста прывыкла да чалавека, што ніякавата становіцца ёй, калі застаецца з ім сам-насам. Ды i людзі гэта заўважылі, пагаворваць сталі, што быццам пачала Гілена прычапурвацца, нават завіўку зрабіла — як дзеўка.