Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 2

Miкола Гіль

Зноў сценка — дарога, дарога — сценка... Вечарэла. Пятро не прыкідваў больш, колькі кругоў яшчэ трэба яму зрабіць, не спяшаўся, не зважаў на нязвычна гарачы ўвечары i церпка-горкі пыл, што сляпіў вочы, хрумсцеў на зубах,— усё думаў пра тое, што сказаў брыгадзір. Тое першае ўтрапенне мінулася, Пятро быццам i супакоіўся, але ўсё роўна думаў аб тым жа. I не хацеў думаць, i стараўся скіраваць думку на што іншае, на тую ж Страхаву гарy, якую паедзе заўтра «дабіваць», на канюшыну, да якой з касой не падступіцца i якую давядзецца пляжыць яму, Пятру.

«Кажуць бацька твой...» А то хто ж! Канечне, бацька... Не сам жа я на свет паявіўся... Ды i людзі не так сабе плявузгаюць...

«Доўга не паказваўся...» Не паказваўся, хаваўся. А можа, баяўся? Кагo? Мяне ці мамы? Быццам нам што трэба ад яго! Але ж не вытрымаў, прыехаў... На радзіму пацягнула, брата праведаць... Пра мяне наўрад ці спытаецца. А можа... Зайсці-то, канечне, не адважыцца. Можа, нават i дзядзьку Васілю нічога не скажа... Ну, але той сам здагадаецца, пакажа яму на мяне хоць пальцам праз акно...

«Пэўна ж, захочаш пабачыць...» А што, калі самому зайсці? А што — вып'ю дзеля смеласці чарку i зайду. Біцца ж не будзем. Пагляджу, i ўсё, што там за бацька ў мяне такі, што i не ўспомніў нi разу, не азваўся нават...

* * *

З поля Пятро прыехаў пазнавата — маці ўжо карову даіла. Ён скінуў майку, збегаў цераз вуліцу да калодзежа, памыўся да пояса — выліў на сябе цэлае вядро вады. Памкнуўся павесіць пустое вядро на паркан, але перадумаў, зноў скокнуў да калодзежа («Маме заўтра не трэба будзе раніцою па ваду ісці...»), пасля пайшоў у хату галіцца.

Прыйшла маці. Цэдзячы сырадой, спыталася:

— Чаму ж так позна сёння?

— Канчаў бульбу пад Глінішчам. Заўтра на Страхаву гару, дык каб не ездзіць лішні раз.

— У Жырблевічы збіраешся? Там жа вяселле, кажуць, сёння. Чула, Жэнька Якубаў матку падганяў, каб сарочку папрасавала.

— Пагляджу. Можа, сваю вечарынку наладзім. З горада ж панаехала.

Маці выйшла — пэўна, панесла ў кладоўку малако. «Пра яго не пытаецца,— падумаў Пятро,— Не пытаецца... Значыць, так трэба. А чаго пытацца...»

Ён пераапрануўся, пырскнуў у твар адэкалонам. За вячэрай не ўтрымаўся, папрасіў маці:

— А можа, ёсць крышку?

Яна хацела запярэчыць, прысароміць сына, сказаць, што брыдка будзе яму пасля чаркі падысці на той самай вечарынцы да якой-небудзь дзяўчыны, але чамусьці прамаўчала i, уздыхнуўшы, прынесла з каморы прыхаваную на ўсялякі выпадак пляшку. Пятро наліў сабе ў стограмоўку, наліў, яна бачыла, не шмат, але ўсё адно аж скаланулася ўся, гледзячы, як ён выпіў i гідліва зморшчыўся...

Хлопцы сапраўды збіраліся ў Шырблевічы, гойсалі адзін да аднаго на веласіпедах, падбівалі ў кампанію дзяўчат. Пятро ў апошні момант ехаць адмовіўся.

«Чаго я там не бачыў? Каб хоць клуб людскі быў, а то таўчыся ў духаце. Ды i цягнуцца за свет...»

Хлопцы пасадзілі на рамы дзяўчат, паўключалі ліхтарыкі i панесліся ўніз, да моста, да павароткі на Жырблевічы. Доўга яшчэ былі чутны ix галасы — крыкі, рогат, віск дзяўчат. Пасля ўсё аціхла: толькі далекавата, відаць, на Ямішчы, скакалі ў цемры мітуслівыя водбліскі ліхтарыкаў...