Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн

Miкола Гіль

Мікола Гіль

КАМАНДЗІРОЎКА Ў ВІШАНЬКІ

Апавяданні, аповесці

Падрыхтаванае на падставе: Мікола Гіль, Камандзіроўка ў Вішанькі. Апавяданні, аповесці, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. — 316 с.: І л. партр.

АПАВЯДАННІ

НІХТО НЕ ПРЫЯЗДЖАЎ

Пасля абеду брыгадзір паслаў Пятра баранаваць бульбу. Палетак пад бульбай быў ладнаваты — раскінуўся між дарогай, якая звівалася-паўзла па Краснай горцы, i сценкай, што пралегла пад могілкамі. Гэта — удоўжкі. A ўшыркі — ад Рыгоравых дадаткаў да Глінішча. Ганяў Пятро свайго «Беларуса» ад дарогі да сценкі — бульба была ўжо велікаватая, дык баранаваў толькі ўдоўжкі, каб не вырваць часам якое каліва. Хацелася скончыць клін сёння ж — надакучыла з ранку да вечара каторы ўжо дзень душыцца пылам на гэтым баранаванні. A заўтра, казаў брыгадзір, пэўна, пойдуць ужо на луг i на канюшыну, бо надвор'е, дзякаваць богу, усталявалася.

Дарога — сценка, сценка — дарога... Пятро круціўся туды-сюды i думаў аб тым, што гэта будзе вельмі здорава, калі заўтра, урэшце, паедзе пляжыць канюшыну: там паблізу рэчка, дык можна будзе адлучыцца на хвіліну ды пабоўтацца, а то палова чэрвеня, глядзі, мінецца, а ён i ў рэчку ні разу не злазіў...

Незабаранаваны клін усё вузеў i вузеў. Пятро з нецярпеннем прыкідваў нават, колькі кругоў засталося яму яшчэ зрабіць. Пад'язджаючы да дарогі, заўважыў, што з боку вёскі, падаткнуўшы пад раму казу-складанку, коціць на веласіпедзе брыгадзір, здалёк махае рукой — прыпыніся. Хлопец развярнуўся, прыглушыў матор, саскочыў на зямлю, колькі разоў з асалодаю пацягнуўся, закурыў.

Пад'ехаў брыгадзір, кінуў веласіпед пад куст, загаварыў:

— Канчаеш ужо? Маладзец! Тут, ад дарогі, i пад Глінішчам, дзе ніжэй, можа, яшчэ па разу праедзеш? Удзірванела, халера! А яшчэ дажджы прыпляскалі!

— А не, дзядзька! Мякка ўсюды. Пад Глінішчам толькі трава больш адскочыла — ведама, ніжэй. Але ўсё роўна мякка. Як пух...— I не вытрымаў, спытаўся: — Дык што, дзядзька, заўтра на канюшыну?

— Не, брат, заўтра ты яшчэ Страхаву гарy даб'еш. Там пясок, дык паездзіш па разу, скарынку знімеш... А на сена ў панядзелак рушым. Яно-та можна было б i заўтра, але ж бабы яшчэ з буракамі не ўправіліся. Заўтрато, пэўна, ужо даполюць, тады i на сена.

Брыгадзір памаўчаў, ступіў колькі крокаў на палетак, нагнуўся, тузануў каліва бульбы, зноў павярнуўся да Пятра:

— У цябе курыць ёсць што? Пасылаў бабу ў магазін, дык, ліха на яе, не прынесла, забылася...— Ён хацеў нешта яшчэ сказаць, але чамусьці змоўчаў.

Пятро дастаў пакамечаны, замурзаны пачак «Севера», пасля падаў у далонях запаленую сярнічку. Брыгадзір, зацягнуўшыся, выдыхнуў разам з дымам:

— Ну, дык бачыў ужо ці не?

— Kaгo?

— Хіба не чуў? Да Васіля Рыгоравага брат прыехаў. Іван... Кажуць жа, бацька твой... Доўга не паказваўся...

— А-а-а,— Пятро змоўк, закамечыў у пальцах папяросу, не ведаючы, што казаць.

— Пэўна ж, захочаш пабачыць? — спытаўся быў брыгадзір, але, зірнуўшы на хлопца, раптам заспяшаўся: — Ну, то я паехаў. А ты глядзі тут, канчай памаленьку...

Пятро пастаяў, шмыгаючы згаслай i растрыбушанай папяросай, аж пакуль брыгадзір не схаваўся за кустамі на Краснай горцы, пасля нейк паволі, нязграбна палез у кабіну...