Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 208
Miкола Гіль
А ўсё ж нібы добра пачыналася. Сварка Андрэя з Эдзікам — не ў знак. Тым больш прытушыў ён сварку тую, вячэраць селі спакойна. Дык жа... Хто чакаў, што Люда такое скажа, прыйшоўшы? Яны са старой і падумаць нічога такога не маглі. Гэта ж толькі і гаворкі было, што Люда паняй стала, што жыве, як у бога за пазухай. Ажно вунь як напакавала яна... Куды ж тут было лезці ўжо яму са сваёю гаворкаю! Не да таго цяпер Андрэю. І сёння, і доўга яшчэ будзе не да таго. Лепш пачакаць ужо, іншым разам пагаманіць. Толькі ж — ці будзе ён, гэты іншы раз? Ці падаруюць яму гэты іншы раз яго восемдзесят?
Уздыхнуў дзед, сказаў:
— О-хо-хо... Хітрая штука жыццё, сынку. Цяжка было, гаротна — ну дык на тое ж вайна, бясхлебіца пасляваенная. Спадзяваліся, што лепшага прыжджэмся. І, дзякаваць, прыждаліся. І ціха, і мірна, і сытна, і мітрэнгі, клопату таго былога нямашака. Усяго хапае. Жыві, кажысць, і бога не гняві, песні спявай. Дык жа — не! Нешта іншае муляе, турбуе. Не тое, дык другое. Хай яго ліха!
— А што ж ты хацеў, тата? Без клопату не можа чалавек. Няма клопату — няма і чалавека. А пакуль жыве, дык і муляе, як ты кажаш, нешта.
— Яно ведама! Але ж клопат клопату — розніца. Калі дзіця тваё галоднае, а ты не ведаеш, чым накарміць яго,— то адзін клопат. Горкі, сынку, клопат, хай яго людцы больш не ведаюць. А сёння ж каб лепей было — адзін клопат.
— Горш не будзе, тата.
— А не будзе горай, дык ляпей будзе. Ці ж не так?
— Праўда, тата.
— Ну, то і бедаваць, можа, не трэба, сынку?.. Спаць пойдзем. Табе на работу, а я ж думаю заўтра і дадому.
— Глядзі сам, тата. Дома ж таксама нічога не гарыць.
— Не гарыць, але ж... Старая будзе думаць, чаго загуляўся.
— Глядзі, тата. Мог бы і пагасцяваць троху.
— Зімою ўжо мо калі, сынку. Цяпер не да гасцявання.
— Табе, тата, і зімою не будзе калі.
— А хай яго, калі ж, пакуль жывеш, дык і робіш нешта.
— Яно так...
Некаторы час акно на пятым паверсе свяцілася. Па фіранцы сюд-туд мільгацеў цень — відаць, дзед клаўся спаць па крэсла-раскладанак.
Урэшце акно пагасла, каб заўтра загарэцца — ад промняў сонца.