Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 5
Miкола Гіль
— Ат, чужое — но чужое! Яму ўсё роўна! Хіба гэта чалавек? Ці Пецьку што трэба ад яго? Малы быў, дык тады трэба была i ласка, i абарона, i гасцінец... А цяпер... Пецька сам на сваіх нагах даўно... А ён як змоладу быў, дык i цяпер круцялём застаўся, хоць i калека, даруй госпадзі...
— Праўду, Волька, кажаш! А Гілена як? Лёгенька хіба ёй? Не можа ж яна сыну забараніць, каб бацьку не пабачыў... Ды i сама, бабачкі...
— Ай, ты ўжо не кажы! Каб прасіў-маліў, дык Гілена б i на парог не пусціла б...
I аціхалі бабы, калі падыходзіла сама Гілена, Пятрова маці... Ды хіба яна не здагадвалася? Хоць i даўно тое было, аб чым цяпер бабы сакочуць па сяле, хоць, здавалася, i заснула ўсё ў душы, зачэзла, хоць i не ўспамінала Гілена ўжо колькі гадоў таго, што было перад самаю вайною, a ўсё роўна зноў балюча... Во вунь жа прыехаў, гасцюе ў Васіля, у брата свайго, увечары да мужчын выходзіць... Куды ж ад гэтага ўцячэш? I людзям хіба закажаш, каб языкі не часалі?
Гнала Гілена прэч думкі пра ўсё гэта, а яны ўсё адно не давалі спакою. Застанецца адна, адвернецца што-небудзь рабіць, i ўсё пра тое ж, пра той час, калі была маладой-маладзенькай i дружыла-сябравала з тым Іванам Рыгоравым...
«Ласкавы быў, уважны... Усё Леначка ды Леначка... A колькі гора ды сораму нацярпелася...»
Прыгадвалася зноў i зноў, як сказала яна тады Івану, што зацяжарала, i як падалося ёй, што спалохаўся ён, i як не хацела яна гэтаму верыць; як вымушана была таіцца ад людзей i ад маткі, пакуль можна было; як плакала тады матка i праклінала дачку, так праклінала, што нават i ўнуку не ўзрадавалася, i як неўзабаве пайшоў Іван з мужчынамі на вайну, не зайшоўшы да яе нават развітацца, а сама саромелася пайсці разам з бабамі на той дзядзінец, дзе быў мітынг са слязьмі i песнямі, ляжала ў пуні на свежым сене i галасіла ціха, каб людзі не ўчулі...
Прыгадваліся гады, калі яна з Пецькам на руках колькі разоў уцякала праз Лучкі i Роўніцу ў глухі балоцісты лес-дзіч, i як даводзілася сядзець у тым дзічы галоднай i халоднай днямі i начамі, i як вярталася аднойчы з таго дзіча, уратаваўшыся нейк ад карнікаў, i палохалася, бачачы трупы людзей — знаёмых i незнаемых, i як ішла тады па лесе, адна, апухлая i засмяглая. Пецька кусаў пустыя грудзі, ішла, i жахалася, i галасіла без голасу...
«Божачка мой, i як тое вынеслі-выцерпелі людцы! Hi хатак не пазаставалася, ні варыўні якой, каб хоць на час прытуліцца. Адны галавешкі ды коміны... Дзеткі ад голаду заходзіліся...»
Па тым часе былі яшчэ рухавыя бацька з маткай. Агоралі нейк зямлянку, па карову ўзбіліся, а пасля i на хацёнку... Памаленьку i крыўда ix на Гілену забылася. Матка ці бацька самі не з'ядуць, a ўсё ўнучку, усё Пецьку...
«А ён рос спраўненькі. I холадна было, i голадна, а не хварэў, не нэндзаў. Hi цукерчыны не ведаў, ні чаго там іншага...»
Пасля вайны не многа вярнулася дадому тых мужчын i хлопцаў, што пайшлі па гравійцы з таго дзядзінца. Не вярнуўся i Іван Рыгораў. Як там ні было ў ix, а чакала яго Гілена, думала: «Ведама, тады малады быў, дурное ў галаве... А цяперака, як прайшоў праз гора, як слёз i крыўды людской нагледзеўся, пэўна ж, i паразумнеў. Каб вярнуўся, дык i сыну быў бы рады. Во які ладненькі выгадаваўся. Скора i памочнікам у хаце будзе...»