Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 205

Miкола Гіль

— Перад Росцікам! Ты спытаў бы, перад кім ён пасуе!

— Дык яно і няблага, сынку. За сябе таксама трэба ўмець пастаяць.

— Гледзячы дзе, тата, і гледзячы за што. А то ж...

— Ну, тое па маладосці. А хлопец усё ж кумекае сёе-тое. І шчыры ён у цябе. Яршысты — гэта праўда, але ж не манюка, што думае, тое і гаворыць.

— Гэтая яго яршыстасць во дзе ў мяне сядзіць!

— А ты спакайней з ім. І, гэта самае, сынку, без прынукі, без папрокаў, каб і яму крыўдна не было. Ён жа ў такім веку, што лічыць сябе пупам зямлі.

— Хто яго папракае, тата!

— А ты паслухай лепш і пагадзіся... І за Эдзіка асабліва не перажывай. Хлопец — яно хлопец, аперыцца. А вось Людачкі шкада мне, сынку.

— А што зробіш, тата? Сам вінаваты. Не спыніў тады Тоні. Не прыкрыкнуў па-мужчынску. А сэрцам адчуваў, што не тое нешта.

— І сябе не вінаваць, і на Тоню не кажы. Хто ж бо ведаў? Яно ж, кажысць, усё добра складвалася. Чалавек сталы, самастаяцельны. І грашовы. Другім скажы — што яшчэ трэба?.. Не любіць яго Люда. Паслухаў яе і чую: не любіць. А колькі ж таго жыцця было ў іх!

— І я, тата, пра тое ж. Выходзіла тады, дык спытаў: «Ці любіш хаця, дачушка?» А яна: «Вельмі, татачка!» Вось табе і вельмі...

— Дзявочае, сынку. Чымсьці спадабаўся, кінуўся ў вочы. Вось і падумала, убіла сабе ў галаву, што назаўсёды... Нейкі ж ён і праўда... Бытта і шчыра што кажа, а нешта як не тое... Мне, сынку, падумалася, ці добра ў яго на рабоце ўсё? Ну, ці палучаецца ў яго тая пісаніна? Нейкі ж бо ён злы, бытта пакрыўджаны на ўсіх.

— Хто яго ведае. Так-то піша, друкуецца. Газету мы выпісваем...

— І цябе во Андрэем Кузьмічом кліча, і Тоню...

— Па-інтэлігентнаму, тата.

— А колікі яму з інтэлігетнасцю гэтакай! Спрадвеку ў народзе зяць цёшчу маткай кліча, а цесця — бацькам!

— Не было б горшай бяды, тата.

— А бо! Але ж гэта ўсё адно к аднаму складваецца. Гэта ж не так сабе, усё ад натуры ідзе.

— Пэўна ж!

— Сумнавата Людачцы з ім. Але ж, можа, як той казаў, перамелецца?

— Наўрад, тата.

Дзед маўчыць. Дзед засмучаны. Вось табе і прыехаў, вось табе і парадаваўся!..

Дармо, што казаў, быццам сюды яго баба выпхнула. Калі папраўдзе, дык гэта ён сам не адзін тыдзень дудзеў бабе, што трэба з'ездзіць да сына. І ў ягады яе ўчора ці не сілком выправіў, памеркаваўшы, што як прынясе ягад, дык ён паедзе пэўна ўжо, не адкладзе, як не раз перад тым, сваю паездку на потым.

Дзед любіў прыязджаць да сына. І тады, калі прычына была, і без асаблівай прычыны, калі, бывала, Андрэй доўга не агукаўся ні пісьмом, ні паштоўкай,— тады ён ехаў проста ў адведкі.

Памятае ён усе свае паездкі ў горад. Памятае, як ехаў на сынава вяселле. І як паклікала яго ў дарогу іншая радасная вестка — нарадзілася Люда, унучачка. І тады, калі яны ўжо ўтраіх — Андрэй, Тоня і малая Люда — перабіраліся з чужога кутка ў сваю, вось гэтую хату. І калі Людка выходзіла замуж. І апошнюю, нядаўнюю, перадмайскую паездку ў горад, калі старая выправіла яго купіць шпалеры.