Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 206

Miкола Гіль

І кожны раз, бываючы тут, дзед радаваўся за сына і ўнукаў, і вёз гэтую радасць дахаты, старой, каб і яна ўсцешылася, што ў сына ўсё добра, не горш, чым у людзей.

А чаму было і не радавацца? Заўсёды ў Андрэя ў хаце панаваў лад і парадак.

Раней, напачатку, цешыла дзеда хоць бы тое, што вельмі ж ласкава, як галубкі, гамоняць між сабою Андрэй і Тоня, што з вялікай цеплынёй і паразумеласцю зіркаюць адно на аднаго. Прыедзе дзед, паглядзіць на іх, паслухае, і так яму хораша на душы зробіцца, што, грэшна і смешна казаць, ажно пазайздросціць сыну, і са светлаю скрухаю падумае аб тым, што ў яго са старою нічога гэтага нібы і не было, і знячэўку засмуціцца быццам, і зазлуецца на сына: у каго ж гэта ён, каб хто сказаў, удаўся такі, што так дагаджае жонцы, і ці ж дабром хаця ўсё гэта скончыцца, і ці не абернецца гэта тым, што Тоня возьме верх над ім?!

Ліха яго ведае, чаму да яго прыходзілі часам такія думкі. Можа, таму, што сам ён і праўда не ведаў, мусіць, гэтакай зайздроснай цеплыні, гэтакай шчырай паразумеласці з жонкаю. Ажаніў яго бацька, ажаніў, не пытаючыся, хоча ён ці не хоча браць Марылю. Пэўна, і Марыля ішла за яго таксама без ахвоты. Вось так, без замілавання, яны пабраліся, без пяшчоты жыць пачалі, так і жыццё, можна сказаць, зжылі, хоць і не сварыліся надта, неяк пакрысе прыцёршыся, прызвычаіўшыся, навучыўшыся не толькі не абражаць, але і шанаваць, нават шкадаваць, па-свойму любіць і аберагаць адно аднаго.

Зрэшты, не так часта і думаў ён пра гэта. Упершыню варухнулася гэтая думка шкадавання ў душы тут, у сына, абуджаная сынавым шчасцем, але як нечакана варухнулася, так нечакана і збегла ад яго, бо гады ягоныя ўжо былі не тыя — старэчыя, можна сказаць, гады.

А пасля і ў Андрэя з Тоняй усё тое неяк аціхла, адышло, прыхавалася, адцесненае будзённымі клопатамі, жыццёвымі турботамі, і дзед, прыязджаючы да сына, радаваўся ўжо таму, што сам ён, жонка і дзеці здаровыя, што жывуць яны ў дастатку, жывуць неяк надзейна, нібы не ў горадзе, на скупаватыя рублі, а ў вёсцы, пры сваім гародзе і жыўнасці. Радаваўся, па-старэчы больш кантактуючыся і гамонячы з унукам і ўнучкаю, чым з сынам і нявесткаю.

Сёння ён выправіўся да сына быццам проста ў адведкі, аднак жа меў у душы і адну думку-спадзяванку. Яна, гэтая думка, паклікала яго ў дарогу. Ехаў і ўсё меркаваў, як падступіцца з ёю да сына,— адразу, без падрыхтоўкі, ці мо спакваля, выведаўшы спачатку сынавы настроі і планы?

Гэта ж памерла нядаўна, з месяц назад, Міхаліна Каспяровічава. Ён і старая яго правялі набожчыцу на могілкі, пасля пасядзелі з людзьмі за жалобным сталом. А як дахаты ішлі, старая знячэўку вазьмі ды скажы: «Гэта ж і нам хутка збірацца...» Ён не збаяўся тых слоў, спакойна адказаў: «А ўжо ж, не вечныя ж...», а сам нечакана падумаў пра тое, што ж будзе з хатаю, з усёй сядзібаю, калі яны са старою выправяцца туды, куды сёння паехала Міхаліна. Яно і праўда, што ж будзе? Ну, год-другі Андрэй з Тоняй будуць прыязджаць, мо нават вясной пасадзяць адну-другую граду. А пасля? А пасля ўсё будзе пакрысе дзічэць і глушэць, паціху гніць, тлець і валіцца долу — і хата, і пуня, і хлеў, і паветка, і склеп на гародзе, і платы наўкруг сядзібы; укаржанеюць, здзічэюць і ўсохнуць яблыні, забуяе крапівай, чарнобылем і дзядоўнікам гарод, прападуць на ўзмежках вішні, кусты парэчак і агрэсту... А ён жа столькі сілы ўклаў ва ўсё гэта! Яшчэ ж зусім нядаўна, шэсць гадоў назад, даў хаце новы подруб, цэментаваны падмурак, уставіў новыя вокны і дзверы, накрыў шыферам, вымайстраваў веранду — стаяць хаце яшчэ і стаяць; пуню і хлеў таксама пакрыў шыферам, вымураваў склеп, выкінуўшы струхлелы драўляны зруб, паставіў цэментавыя слупкі, каб не мяняць плот праз кожныя тры-чатыры гады. Навошта ён рабіў усё гэта? Сам са старой мог бы дажыць веку і так, без лішніх турбот. Каб жа гэта яшчэ вёска была інакшая, што перспектыўнымі завуць, дык мо купіў бы ўсё гэта добры чалавек і жыў, а то ж... Каму спатрэбіцца яго хата, калі вунь колькі пустуе ўжо, гібее сіротамі?