Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 204

Miкола Гіль

— Дык я ж не зводжу праблему толькі да дываноў, Андрэй Кузьміч. Пры чым тут дываны?

— А што пры чым?

— З'ява, праблема!

— Хопіць, хопіць вам па-дурному спрачацца,— махае рукамі маці.— Няўжо іншай гаворкі няма?

— Мусіць, і праўда хопіць, Антаніна Васільеўна,— стомлена кажа зяць.— Ды нам, здаецца, пара. Як, мамачка? — паварочваецца ён да Люды.— Мо пойдзем? І пазнавата ўжо, і ўвогуле... Бяры Леську, і пойдзем.

Дачка моўчкі падымаецца з-за стала і моўчкі ідзе ў спальню.

— Вось табе і маеш! Як сама выгнала з хаты,— маркоціцца маці.— А можа б, пасядзелі яшчэ? Леська гуляе...

— Не, Антаніна Васільеўна, дзякуем, пара! — Зяць выходзіць з-за стала, падыходзіць да дзеда.— Ну, Кузьма Паўлавіч, рады, што пабачыў Вас. Прывітанне ад усіх нас бабулі. Бывайце!

— Вы ж бы калі прыехалі ўсё ж. Старая абрадавалася б...

— Мо калі і зазірнём... Бывайце, Андрэй Кузьміч!

Са спальні выходзіць з унучкай дачка. Звяртаючыся да іх, зяць кажа:

— Вы гатовы? То пайшлі...

Дачка, зяць і ўнучка ідуць у калідор. Маці праводзіць іх. Потым вяртаецца да стала.

— Ну, маці, ты тут прыбірай, пасцялі дзеду, а мы на балкон выйдзем пакуль, падыхаем,— кажа бацька.

— А я пайду душ прыму,— гаворыць сын.

Бацька з дзедам выходзяць на балкон, гамоняць там.

— Чуеш, полем пахне? Як у сяле,— кажа дзед.

— Але ж... Выйду вось так калі ўначы, дык і перапёлку часам чую. І зязюлю колькі разоў чуў.

— О-хо-хо, сынку, такія дзялы ў вас... І Эдзік дарогі сваёй не знайшоў, і ў Люды не ўсё добра, пэўна... Выраслі, а ўсё бацьку галава баліць.

— Але, тата. І каго тут вінаваціць будзеш?

— Не яны, сынку, вінаватыя. Ты сябе вазьмі. Як толькі на ногі стаў, памочнікам маім быў. І карову папасвіць, і каня павадзіць, бульбу абганяючы, і палена дроў адрэзаць... Якая там і сіла была, а — памагаў. У вёсцы дык яно быццам так і трэба. Я ж цябе, не хвалюся, і не прымушаў надта, больш сам цягнуўся да тае работы.

— А тут, тата, прымушай ці не прымушай, а толку мала.

— Дык жа яно, сынку, жыццё такое. От ты падумай. Эдзік малы быў. Ну, а з малога і спрос малы. А падрастаць пачаў — што ён пра тваю работу ведаў? Ты раніцаю пойдзеш, вечарам прыйдзеш — от і ўсё. Дзе бацька робіць? На заводзе. А больш — нічога. А вясковае дзіця з першых дзён жыцця бацькоўскую навуку праходзіць. Там усё навідавоку. Я ж, бывала, куды ні пайду, дык і ты пад рукою таўчэшся. Дровы з маткай пілуем — ты памагаеш, носіш, складаеш. Плот стаўлю — ты цвікі падаеш, малаток, штыкеціну мне патрымаеш. У поле еду — ты хоць за лейцы патрымаешся... Усё ж тое, сынку, не праходзіць бясследна.

— А тут адно ведаюць: тата, дай!

— Горад ёсць горад. Але ж надта ты і не патураў ім, Людзе і Эдзіку. З заробку не вельмі напатураешся.

— Не я, дык маці песціла.

— Ну, а што ты хочаш? Маткі ўсе такія. Але ж, сынку, яно і іншае. Ну, от Эдзік твой. Няхай тое ў ім і ёсць троху, яны ўсе цяпер, маладыя, на пуп браць неахвотнікі, хай трактары робяць, кажуць. Ды ўсё ж, гляджу я, і сёння пабачыў, хлопец ён не дурны, галаву на плячах мае. Дармо, што Росцік вучоны, у рэдакцыі робіць, а Эдзік перад ім не пасаваў.