Читать «Камандзiроўка ў Вішанькі» онлайн - страница 203
Miкола Гіль
— Амерыканцы тыя таксама жаруць — дай бог! — гаворыць бацька.— У вайну яшчэ бачыў.
— Ай, што і казаць! — каля маці.— Ёсць што есці, дык і ядуць.
— От гэта праўда, Тонечка! Лішняга, каб і хацеў, не з'ясі. Колькі душа просіць,— зазначае дзед.— А тоўсты ці тонкі, дык... Адзін будзе тоўсты, а другі хоць і есць, а шчэпка шчэпкай.
— Яно так, але за гэтым мне бачыцца іншая праблема,— кажа зяць.— Абжорства ў літаральным сэнсе вядзе да абжорства духоўнага. У нас развялося процьма мяшчан — людзей, для якіх на першым плане ўласны дабрабыт, у тым ліку і ўласны страўнік. Людзі сталі зайздросныя, злыя і нахабныя...
— Так і ўсе людзі? — перапытвае бацька.— Не, даражэнькі, не ўсе і не так і шмат, як сяму-таму здаецца. Не ад цябе першага чую пра тое, і, не крыўдуй, толькі здаецца мне, што хто такое гаворыць, сам часцей за ўсё, як бы гэта сказаць...
— У таго ў самога пыса ў пер'і! — падказвае сын.
— Ну, Андрэй Кузьміч, не чакаў! Чэсна скажу, не чакаў! — усклікае зяць.
— Не пра цябе гаворка, Расціслаў. А толькі паўтару: іншых вінавацяць у грахах смяротных часцей за ўсё самі грэшнікі. Каб самім чысцейшымі выглядаць,— не здаецца бацька.
— Гэта точна, сынку,— гаворыць дзед.— Вазьмі нашу Халімоніху-Пліндачку. Сама ходзіць як апанча, спадніца, выбачайце, у г..., а іншых так абгаворыць, што хоць вушы затыкай.
— Ты, Росцік, не зважай,— кажа маці.— Бацька з дзедам ці мала чаго нагавораць! Хочацца і ім сябе разумнымі выставіць... Чаю табе падліць?
— Дзякую, Антаніна Васільеўна, здаволіўся. А бацька з дзедам проста не хочуць зразумець мяне. Вы, Кузьма Паўлавіч, на вашу Халімоніху спасылаецеся. Але, выбачайце, што з яе возьмеш, з бабы вясковай? А вы паглядзіце... Бачылі, як у магазіне людзі за дыванамі душацца ці за трантамі якімі? Уражанне такое, што свет клінам на тых трантах сышоўся. Не возьме каторая ці каторы — усё, канец, смерць ім!
— Яно праўда, душацца,— пагаджаецца бацька.— Але ж... Ну хоць бы азарт той ахвоты паддае. Адны стаяць у чарзе, дай і я пастаю. Грошай у людзей хапае зараз. А з другога боку, дык і іншае. Ну што ты зробіш, калі чалавек хоча, каб у яго ў хаце хораша было? Кабету вазьмі. Іншую не кармі, а дай адзецца. Так і тут. Час жа не той. Кватэры людзі палучаюць, дык хочуць, каб і ў кватэры было па-людску. А дываноў, як на тое ліха, не хапае пакуль. Будзе ў дастатку, дык ляжаць будуць дываны твае і ніхто за імі душыцца не будзе.
— Хіба ж я гэтага не разумею, Андрэй Кузьміч? Асобныя факты ці з'явы заўсёды можна вытлумачыць. Куды цяжэй убачыць іх ва ўзаемасувязі, вызначыць тэндэнцыю іх развіцця, іх, калі хочаце, дыялектыку. Дык вось, калі разважаць у гэтым кірунку, то карціна вырысоўваецца іншая, якая прымушае задумацца.
— Якія там сувязі, як ты кажаш, якая там дыялектыка — у гэтым не мне разбірацца,— кажа бацька.— А разумею, што людзі сталі жыць лепей, багацей і культурней, вось і ўвесь гамон! Нябось, ты сам таксама хочаш, каб на падлозе ў цябе дыванок ляжаў, каб раніцаю ногі спусціць на цёпленькае і мякенькае. Дык чаму ж іншым гэтага не хацець? Ты дастаў той дыван лёгка, па званочку з рэдакцыі — Люда расказвала, а іншыя так не могуць, ім у чарзе пастаяць трэба.