Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 83

Ніна Мацяш

За варту і абарону ўрадавымі войскамі шляхецкіх памесцяў ад апрышкаў і паўстаўшых сялян вызваліць на пяць гадоў (1742—1747) ад усялякіх дзяржаўных падаткаў усе маёнткі гетмана Юсіфа Патоцкага на Галіцкай зямлі.

Пастанова сейміка галіцкай шляхты ад II верасня 1742г.

Бывай, паточак! Дзякуй, што паіў, Як роска, чыстай, дужаю вадою, Што несмяротным голасам сваім Усю зімоўку ад бязлюддзя гоіў. Да пабачэння, неруш! За прыём, За ласку, за прытулак ратавальны Тваёй глушы няздралівай — чалом! Паблаславі дарогу душ апальных... Прыгожыя, хоць ты ваду з іх пі, Убраныя абое па-гуцульску, У ззянні веснавосці не скупым Марычка і Алекса йшлі на Вузкі, На захаваны ў пушчы хутарок: Там, у сям'і старога пабраціма Аж да наступнай замятухі зімняй Марычцы віць цяпер клубкі трывог. Ішлі. Па лесе, па крутых я'рах Сям-там пракідваліся латкі снегу. Але на дрэвах моцная кара Ледзь стрымлівала буйства сакабегу. Але чым ніжай, тым усё часцей, Тым пераможней сонца прарастала, Бы сімвалам абуджаных надзей, Травой, жаўронкам, вадаграем талым. Алексу ж ціха поўніла тугой, Што ні цяпер, ні заўтра — аніколі, Нідзе не могуць прычакаць яго Зямныя радасці звычайнай долі Вяскоўца, мужа і гаспадара, — О як бы ён пайшоў цяпер з сявенькай!.. Ды мусіш лета восьмае падрад Барозны класці па крыві і енках... А тут яшчэ нібы дарогу хто Пераступіў — няўдача за няўдачай: То прыйдуць у пусты фальварак, то Яшчэ ў засаду трапяць у прыдачу. Ранейшыя сябры — хто на калах Паў ў Станіславе, а хто — ў сутычках. А новым хлопцам толькі каб была Ліхая слава лёсаў непрывычных, Каб ні адну карчму не абмінуць, Ля маладзіц пыхліва пафагоніць. Таму і атаману ўсё ў віну: І страты, і пралікі, і пагоні... Выходзіць, марна пёрся на ражон, Сабе і людзям веку прыкарочваў... Канчаць... Пайсці ў Малдавію... Няўжо Не знойдзецца спакойнага куточка? Няволя, баршчына... Пачварны цмок... Яго са свету звесці не апрышкам... Сысці ў Малдавію, прыдбаць дамок... Як будзе рада бедная Марычка!.. Але не так, не ціха адысці! Яшчэ ўтварыць такое нешта трэба, Каб жах не перастаў паноў трасці Пасля й таго, як скліча яго неба! Абмысліць толькі добра ўсё спярша. ... Не ведаў Доўбуш, што на Стогу дзікім, Гары, куды ён думкай паспяшаў, Пабітыя ляжалі пабрацімы...